«Асабліва складаная сітуацыя склалася на поўдні Расіі»
- 23.08.2026, 21:47
- 1,408
Паліўны крызіс у РФ паступова выходзіць за межы звычайных нязручнасцяў для вадзіцеляў.
Паліўны крызіс у Расіі абвастраецца на фоне ўкраінскіх удараў па нафтаперапрацоўчай інфраструктуры. Паводле найгоршага для Крамля сцэнару гэта можа прывесці да фатальных наступстваў для рэжыму. Пра гэта піша Deutsche Welle (пераклад – «УНІАН»).
Выданне адзначае, што дэфіцыт бензіну ўжо ахапіў як мінімум 30 рэгіёнаў краіны, а перабоі з пастаўкамі ўсё больш прыкметна адбіваюцца не толькі на аўтамабілістах, але і на бізнэсе і лагістыцы. Пры гэтым жнівеньская хваля дэфіцыту адрозніваецца ад папярэдняй, якая цягнулася з канца мая да сярэдзіны ліпеня. Гэты раз праблемы асабліва востра выявіліся ў Маскве і Маскоўскай вобласці.
Аўтар публікацыі адзначае, што сітуацыя паступова выходзіць за межы звычайных нязручнасцяў для вадзіцеляў. Пры гэтым прыводзіцца меркаванне рэдактара незалежнага расійскага СМІ «7x7» Алега Грыгарэнкі, які распавядае пра праблемы службаў таксі, кур’ерскіх службаў і будаўнічай галіны, праца якіх залежыць ад стабільных паставак бензіну.
«Нельга сказаць, што паліва наогул няма. Але відавочна, што крызіс ёсць», — адзначае Грыгарэнка.
Асабліва складаная сітуацыя склалася на поўдні Расіі. Мясцовыя СМІ паведамляюць пра шматгадзінныя чэргі на АЗС у Краснадарскім краі. Улады тлумачаць гэта нібыта сезонным ростам попыту, а тым часам мясцовыя жыхары называюць сёлетні турысцкі сезон правальным.
Прадстаўнік энергетычнага камітэта Дзярждумы Ігар Ананскіх прагназуе, што сітуацыю ўдасца нармалізаваць цягам двух-трох тыдняў. У той жа час эканаміст Мікалай Коржэнеўскі, які пакінуў Расію пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, лічыць такі сцэнарый малаімаверным.
Паводле яго слоў, праблема ўжо датычыць якасці паліва. Вадзіцелі паведамляюць пра пашкоджанні рухавікоў пасля запраўкі неякасным бензінам, а ў рамонтных майстэрнях у Маскве ўтвараюцца чаргі на некалькі месяцаў. Коржэнеўскі бачыць у гэтым прыкметы значна больш маштабнай праблемы расійскай нафтавай галіны.
Эканаміст звяртае ўвагу і на падзенне здабычы нафты. Калі ў 2019 годзе Расія здабывала каля 11,5 млн бараляў у суткі, то цяпер гэты паказнік складае менш за 9 млн. На яго думку, далейшае пагаршэнне сітуацыі з перапрацоўкай можа прывесці да падзення здабычы да 8 млн бараляў у суткі і стварыць умовы для сістэмнага эканамічнага крызісу.
У той жа час прапановы кампенсаваць дэфіцыт імпартам з Кітая або Індыі, як піша DW, таксама выклікаюць сумневы. Бізнэс-журналіст Вячаслаў Шыр’яеў адзначае, што ва ўмовах ізаляцыі Расіі будзе складана забяспечыць штодзённую патрэбу краіны прыкладна ў 200 тысячах тон бензіну і дызельнага паліва.
Эканаміст Ігар Ліпсіц лічыць, што наступствы дэфіцыту могуць мець і палітычную складовую. Паводле яго слоў, улады ўжо вымушаныя ствараць фактычна асобную сістэму забеспячэння для сілавікоў, чыноўнікаў і экстраных службаў, якія могуць запраўляцца пазачаргова. Ліпсіц параўноўвае гэта з сітуацыяй у СССР, калі прывілеяваныя групы мелі доступ да спецыяльных крамаў і складаў.
Менавіта накапленне незадаволенасці насельніцтва, на думку апытаных расійскіх эканамістаў, патэнцыйна можа ўзмацніць ціск на Крэмль. Шыр’яеў лічыць, што сістэмныя ўдары па аб’ектах, якія маюць адначасова грамадзянскае і ваеннае значэнне, здольныя істотна аслабіць расійскую эканоміку.
Ён прагназуе, што маштабны дэфіцыт дызельнага паліва можа паралізаваць чыгунку, грузавыя перавозкі, прамысловасць і сельскую гаспадарку.
— Калі Украіна знішчыць усю нафтаперапрацоўчую інфраструктуру, Пуцін выявіць, што, калі ён аддае загад, яго не выконваюць, — прагназуе эканаміст.