Прэзідэнт Літвы выступіў у Кіеве па-ўкраінску
1- 23.08.2026, 14:35
Гітанас Науседа павіншаваў украінцаў з Днём сцяга.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Науседа у Кіеве падчас урачыстасцей з нагоды Дня Дзяржаўнага сцяга Украіны выступіў з прамовай на ўкраінскай мове.
Трансляцыя выступлення была апублікаваная на YouTube-канале Офіса Прэзідэнта.
Науседа ў прамове, якая працягвалася больш за тры хвіліны, павіншаваў прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і ўкраінцаў з Днём сцяга.
«Дух свабоды, які я тут адчуваю, нельга параўнаць ні з чым. Прыклад самаахвяравання, які вы дэманструеце штодня, асабліва дарагі для літоўскага народа. Мы добра ведаем сілу свабоды. Мы ведаем, як балюча яе страціць і колькі намаганняў трэба, каб яе вярнуць», — заявіў літоўскі прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што Літва шчыра падтрымлівае Украіну, а таксама запэўніў, што будзе і надалей гэта рабіць.
«Мы дапаможам Украіне адбудаваць разбураныя школы, бальніцы, электрастанцыі. Мы дапаможам вам у імкненні да сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе і НАТА», — дадаў Науседа.
Дзень Дзяржаўнага сцяга Украіны штогод адзначаецца 23 жніўня. Гэтае свята прысвечана аднаму з галоўных сімвалаў краіны і традыцыйна папярэднічае Дню Незалежнасці, які святкуюць 24 жніўня.