Удаўка Фу Конга
- Андрэй Піянткоўскі
- 21.08.2026, 18:26
- 1,638
Ці стане Кітай на бок Украіны?
Паглядзіце ўважліва на гэтага прадстаўнічага джэнтльмена (у канцы артыкула). Праз некалькі дзён ён можа ўвайсці ў гісторыю як украінскі Кісінджэр, які падрыхтаваў глебу для візіту ў Пекін украінскага Ніксана. Гістарычны візіт Ніксана ў КНР у 1972 годзе абазначыў пераход Кітая на правільны бок гісторыі ў ходзе трэцяй сусветнай вайны (халоднай) і тым самым вызначыў зыход той вайны.
Сёння Кітай, значна магутнейшы, чым у 1972-м, зноў вырашыў выканаць ролю сусветнага арбітара — гэтага разу ў Чацвёртай сусветнай вайне, цвёрда абазначыўшы сваё месца на правільным баку Гісторыі. На ўкраінскім баку.
Пачынаючы з 30 чэрвеня Кітай паслядоўна дэманструе гэтую сваю рашучасць каскадам, мякка кажучы, недабразычлівых да РФ заяў, жэстаў, дзеянняў.
Але апафеозам месячніка «руска-кітайскай дружбы» стала пасяджэнне СБ ААН 29 ліпеня, на якім выступленне кітайскага прадстаўніка прагучала больш праўкраінска, чым амерыканскае... Таварыш Фу Конг не толькі заклікаў (як і ўсе члены СБ, акрамя Расіі) абодва бакі неадкладна спыніць баявыя дзеянні, але пайшоў далей. Ён падкрэсліў, што перамовы аб поўнамаштабным урэгуляванні канфлікту павінны грунтавацца на прынцыпе захавання непарушнай тэрытарыяльнай цэласнасці ўсіх дзяржаў.
Яшчэ 4 ліпеня Ван І, кітайскі міністр замежных спраў і фактычна другі чалавек у дзяржаве, запрасіў свайго ўкраінскага калегу наведаць КНР з афіцыйным візітам. 48 дзён таму. Цяпер, калі Сібіга нарэшце атрымаў ад Рады фармальны статус, канчатак партыі можа быць разыграны імкліва. Уласна, яе сцэнар ужо быў агучаны ў маёй папярэдняй публікацыі:
На сумеснай прэс-канферэнцыі па выніках перамоў абодва міністры, адказваючы на пытанні, пацвердзяць сваю прыхільнасць вядомай формуле Фу Конга ўрэгулявання ўкраінскага крызісу. І ўжо амаль сыходзячы, Ван І нібы між іншым паведаміць, што 1 верасня ў Пекін з трохдзённым дзяржаўным візітам прыбывае Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Па завяршэнні праграмы візіту Сі і Зяленскі праводзяць сумесную прэс-канферэнцыю, на якой Сі паведамляе, што ён запрашае Прэзідэнта Зяленскага і ўпаўнаважанага прадстаўніка ўладаў Расіі прыбыць у Пекін у панядзелак, 7 верасня, для правядзення трохбаковых перамоў аб доўгатэрміновым урэгуляванні ўкраінскага крызісу на аснове формулы Фу Конга.
Прэзідэнт Зяленскі з удзячнасцю прымае гэтае запрашэнне.
Андрэй Піянткоўскі, kasparovru.com