Павел Дураў: Расійскія чыноўнікі пераблыталі, хто каго можа заблакаваць у інтэрнэце
1- 30.07.2026, 22:12
- 2,610
Заснавальнік Telegram адрэагаваў на абвінавачанні ФСБ Расіі.
Заснавальнік Telegram Павел Дураў заявіў, што расійская дзяржава абвясціла яго «тэрарыстам» у сувязі з адмовай удзельнічаць у «масавым сачэнні і цэнзуры» ў мэсэнджары. Пра гэта прадпрымальнік напісаў у сваім канале. «Згодна з расійскім заканадаўствам, мне забаронена „публікаваць інфармацыю ў інтэрнэце“. Расійскія чыноўнікі пераблыталі, хто каго можа заблакаваць у інтэрнэце», — сказаў ён. Паводле дзеючых нормаў, асобам з пераліку «экстрэмістаў» у тым ліку забаронена публікаваць інфармацыю ў інтэрнэце і ўзаемадзейнічаць са СМІ.
Таксама Дураў, які жыве ў ААЭ, выклаў у канале карцінку, дзе сам заснавальнік Telegram падпісаны як «тэрарыст», а прадстаўнікі руху «Талібан», якім паціскае рукі кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў, названыя «паважанымі партнёрамі». Напярэдадні ФСБ прад’явіла Дураву абвінавачанне ў садзейнічанні тэрарыстычнай дзейнасці, пасля чаго Расфінманіторынг уключыў яго ў спіс экстрэмістаў і тэрарыстаў. Акрамя забароны на актыўнасць у інтэрнэце гэта прадугледжвае замарозку сродкаў у банках і абмежаванні на правядзенне большасці фінансавых аперацый.
Паводле версіі ФСБ, адміністрацыя Telegram адмовілася выдаляць каналы, чаты і боты, праз якія ўкраінскія спецслужбы, а таксама «тэрарыстычныя і экстрэмісцкія арганізацыі» арганізоўвалі тэракты, кібермахлярства і «масавыя забойствы» на тэрыторыі Расіі. У прыватнасці, нібыта ўкраінцы ўцягвалі маладых расіян у дыверсійна-тэрарыстычную дзейнасць у чат-боце знаёмстваў «Дайвінчык/Leo». Дурава абвясцілі ў міжнародны вышук, у Расіі яму пагражае пажыццёвы тэрмін.
У панядзелак прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў паведамляў, што ўлады працягваюць кантактаваць з кіраўніцтвам Telegram адносна аднаўлення доступу да пляцоўкі, аднак «пакуль вялікай актыўнасці няма». У лютым дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў заяўляў, што папярэднія перамовы з Дуравым «ні да чаго добрага не прывялі». Паводле яго слоў, прадпрымальнік «пераследуе свае карыслівыя інтарэсы», следствам якіх становяцца дзіцячая злачыннасць, тэракты і дыверсіі.
Тады ж праўладныя СМІ са спасылкай на матэрыялы ФСБ пісалі, што супраць Дурава заведзеная крымінальная справа і што ва ўмовах вайны Telegram «стаў галоўным інструментам спецслужбаў краін НАТА і „кіеўскага рэжыму“».