Пуцін узнагародзіў «асабістага касіра» з кааператыва «Возера» другім ордэнам «За заслугі перад Айчынай»
- 20.07.2026, 19:30
- 2,410
Сяргей Кавальчук з’яўляецца найбуйнейшым акцыянерам банка «Россия».
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін узнагародзіў акцыянера банка «Россия» Юрыя Кавальчука ордэнам «За заслугі перад Айчынай» III ступені. Адпаведны ўказ апублікаваны на партале прававых актаў, піша РБК. Сябар прэзідэнта атрымаў узнагароду за «вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльна значных праектаў, эфектыўную працу па захаванні культурна-гістарычных каштоўнасцей і актыўную дабрачынную дзейнасць». Гэта другі ордэн «За заслугі перад Айчынай» для Кавальчука. Пуцін у 2021 годзе ўзнагародзіў яго ордэнам IV ступені.
Кавальчука адносяць да прадстаўнікоў бліжэйшага атачэння расійскага дыктатара. У 1990-х гадах Кавальчук уваходзіў у лік удзельнікаў кааператыва «Возера», адным з заснавальнікаў якога быў Пуцін. Кавальчук стварыў Нацыянальную медыягрупу (НМГ), якая аб’ядноўвае расійскія СМІ — «Пяты канал», РЕН ТВ і «Известия». У НМГ старшынёй савета дырэктараў з’яўляецца сяброўка Уладзіміра Пуціна — Аліна Кабаева, нагадвае The Moscow Times.
Таксама Кавальчук з’яўляецца найбуйнейшым акцыянерам банка «Россия» і з 2004 года займае пасаду старшыні савета дырэктараў. Адзін з найбуйнейшых актываў банка — страхоўшчык «Газпрама» — СОГАЗ. Бізнесмен у канцы 2021 года набыў кантрольны пакет акцый кампаніі VK. У рэйтынгу расійскіх мільярдэраў Forbes Юрый Кавальчук займае 66-е месца. Яго стан ацэньваецца ў $2 млрд.
Кавальчук не мае пасады ў кіраўніцтве або ўрадзе, але аказвае значны ўплыў на палітычную сітуацыю ў РФ. Пасля ўвядзення санкцый ЗША ў 2014 годзе Міністэрства фінансаў ЗША называла банк «Россия» «асабістым банкам» расійскага кіраўніцтва, а Юрыя Кавальчука — «касірам» Уладзіміра Пуціна. Адносіны Кавальчука з Пуціным сапраўды вельмі блізкія. Напрыклад, сын Юрыя Кавальчука Барыс Кавальчук у 2024 годзе быў прызначаны кіраўніком Рахунковай палаты.