Бунт узбекаў і фіяска Лукашэнкі
28- 16.07.2026, 12:44
- 19,270
Работнікі з Узбекістана пратрымаліся ў нашай краіне адзін дзень.
Сітуацыя вакол незадаволеных беларускімі заробкамі ўзбекаў, якія зусім нядаўна прыехалі ў нашу краіну, працягвае развівацца. У прэсе Узбекістана з’яўляюцца новыя публікацыі пра падманутыя надзеі суайчыннікаў, піша «Салідарнасць».
Самі работнікі з Андыжанскай вобласці запісваюць ролікі пра ўмовы, у якіх ім давялося пасяліцца ў Віцебскай вобласці. Судзячы па карцінцы, гасцей пасялілі ў адно з інтэрнатаў, якое даўно патрабуе рамонту.
Некаторыя, пазнаёміўшыся на месцы з сітуацыяй, запісваюць звароты да землякоў. Адзін з гастарбайтараў, напрыклад, кажа ў роліку, што ў Беларусі большасць мясцовага насельніцтва працуе за зарплату каля $300–400.
Мужчына дзякуе ўладам сваёй краіны за магчымасць знайсці працу за мяжой, але папярэджвае ўсіх, хто хоча пайсці ягоным шляхам: «Не забывайце аднаго: ніхто вас не прымушае ехаць. Спачатку ўважліва вывучыце месца, куды хочаце паехаць, распытайце, даведайцеся, якія там умовы працы і заробак. Потым не ездзіце і не скардзіцеся».
Прыгожыя абяцанні скончыліся непрыемным сюрпрызам?
Пад такім загалоўкам выйшаў артыкул на Vaib.uz. Праводзіны суправаджаліся ўрачыстымі цырымоніямі, сцягамі і гучнымі заявамі. Чыноўнікі запэўнялі, што грамадзянам будуць прадастаўлены годныя ўмовы працы, высокая заработная плата і сацыяльныя гарантыі, піша выданне.
Аднак літаральна праз некалькі дзён пасля прыбыцця ў Беларусь у сацыяльных сетках пачалі з’яўляцца відэаролікі, запісаныя самімі працоўнымі мігрантамі.
У публікацыі падкрэсліваецца, што ў самой гэтай гісторыі многа незразумелага. Напрыклад, чаму працаўнікі толькі пасля прыезду даведваюцца пра рэальны памер заробку, умовы пражывання і неабходнасць самастойна аплачваць харчаванне.
«Ці ж не павінны ўсе гэтыя ўмовы падрабязна тлумачыцца і фіксавацца ў працоўным дагаворы яшчэ да выезду з краіны?» — задаецца пытаннем аўтар артыкула. І робіць прагноз:
— Калі апублікаваная мігрантамі інфармацыя пацвердзіцца, то гэты выпадак можа сур’ёзна ўдарыць па даверы да праграм арганізаванага працаўладкавання за мяжой. Бо калі людзям абяцаюць годныя ўмовы і высокія заробкі, а на месцы яны сутыкаюцца з зусім іншай рэальнасцю, гэта выклікае непрыемныя пытанні.
Расчараванне можа чакаць не толькі простых работнікаў
Як высветліў канал «Віцебск, я гуляю», яшчэ ў чэрвені Віцебшчыну наведалі прадстаўнікі Асацыяцыі малога бізнесу Узбекістана, якім паказвалі гаспадаркі ў Міёрскім і Лёзненскім раёнах.
Як правіла, гаворка ішла пра ліквідуемыя стратныя сельгаспрадпрыемствы. Пры гэтым гасцям абяцалі зямлю амаль дарма, пра што дзяржаўныя СМІ аддалі перавагу не паведамляць.
Адзін з гасцей, бізнесмен Музаффархон Мусаеў, запісаў ролік пра ўмовы, прапанаваныя прадпрымальнікам. Ён расказаў, што за адзін дзень групе паказалі каля пяці сельгаспрадпрыемстваў, чатыры з якіх зацікавілі патэнцыйных арандатараў або пакупнікоў.
Паводле яго слоў, удзельнікі вывучалі дамовы і ўжо займаліся афармленнем дакументаў.
На YouTube-канале Асацыяцыі малога бізнесу апублікавана відэа пра паездку дэлегацыі з Узбекістана па Міёрскім раёне. У прыватнасці, намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях АПК Іван Юрашэк паказаў узбекскім прадпрымальнікам ліквідуемыя гаспадаркі «Язна» і «Папшулі».
Мусаеў апісаў прапановы мясцовых уладаў у Беларусі як надзвычай выгадныя: аб’ект вартасцю каля $300 тысяч нібыта прапаноўвалі за $60 тысяч. На адну галаву жывёлы абяцалі да двух гектараў зямлі, а ў першыя тры гады дзейнасці — вызваленне ад зямельнага падатку.
Гатовы комплекс на 200 галоў разам з тэрыторыяй, паводле яго слоў, можна было арандаваць прыблізна за $500.
Захапленне ўзбекскіх бізнесменаў зразумелае, але іх можа чакаць расчараванне следам за простымі рабочымі з Узбекістана. Адно — атрымаць у распараджэнне занядбаны калгас у пяць разоў танней за рынкавы кошт.
І зусім іншае — акунуцца ў спецыфіку ўзаемадзеяння з лукашэнкаўскімі чыноўнікамі. Гэта якраз той выпадак, калі табе мякка сцелюць, але падаць будзе жорстка.