Украіна атакавала расійскую авіябазу Энгельс са стратэгічнымі бамбавікамі
5- 16.07.2026, 10:17
- 12,372
Украінскія дроны праляцелі больш за 1000 км.
У ноч на 16 ліпеня Узброеныя сілы Украіны нанеслі паветраны ўдар па вайсковай авіябазе Энгельс у Саратаўскай вобласці Расіі, на якой базуюцца стратэгічныя бамбавікі Ту-95МС, што абстрэльваюць ракетамі Украіну. Пра гэта піша «Дыялог» пасля маніторынгу сацсетак.
Паветраную трывогу ў раёнах Саратаўскай вобласці пачалі абвяшчаць пасля поўначы. Неўзабаве пасля гэтага жыхары горада Энгельс пачулі некалькі выбухаў. Сцвярджаецца, што дроны атакавалі вайсковую авіябазу. Відэа публікуе Telegram-канал Exilenova+ (увага, ненарматыўная лексіка!).
Губернатар Саратаўскай вобласці Раман Бусаргін прызнаў, што ўначы 16 ліпеня ў рэгіёне адбівалі атаку БПЛА. Ён заявіў, што ў горадзе Энгельсе пашкоджана інфраструктура, але ніякай канкрэтыкі не прывёў. Па ягоных словах, на месцы здарэння працуюць усе аператыўныя службы.
На авіябазе Энгельс у Саратаўскай вобласці базуюцца стратэгічныя бамбавікі Ту-95МС, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў вайне супраць Украіны, таму яна з’яўляецца законнай мэтай для Узброеных сіл Украіны. Такія ракетаносцы ўзброеныя крылатымі ракетамі вялікай далёкасці – «Х-101» і «Х-55» / «Х-555». Іх колькасць залежыць ад мадыфікацыі самалёта.
