18 чэрвеня 2026, Чацвер, 18:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Масквічы паскардзіліся на адсутнасць сірэн падчас удару дронаў

3
Масквічы паскардзіліся на адсутнасць сірэн падчас удару дронаў

Людзі даведаліся пра атаку толькі пасля выбухаў і пралёту беспілотнікаў.

Жыхары Масквы і Падмаскоўя масава паведамляюць пра адсутнасць апавяшчэнняў і сірэн паветранай трывогі падчас найбуйнейшага налёту дронаў ЗСУ, што адбыўся мінулай ноччу. «Мы не спалі з 4:48 раніцы. Ніводнай смс, ніводнай сірэны не было. Удары былі прыкладна да 6:20. Потым хвілін 40–45 — цішыня. Потым зноў удары», — распавёў падпісчык Astra. Жыхары рэгіёна скардзяцца на праблему ў сацсетках і чатах, у тым ліку ў каментарах на старонцы падмаскоўнага губернатара Андрэя Вараб'ёва. «Чаму няма ніякай сістэмы апавяшчэння? Ні сірэны, ні смс. Людзі самі павінны здагадвацца, што ляцяць беспілотнікі?» — напісаў адзін з каментатараў.

Іншыя падпісчыкі пацвердзілі, што сістэма апавяшчэння фактычна не спрацавала. «Рэпутацыя важней за бяспеку», — заявіў адзін з карыстальнікаў. Чытачы «Версткі» таксама распавялі пра адсутнасць апавяшчэнняў пра атаку. Паводле інфармацыі «Пад'ёму», жыхары Раменскага, Катэльнікаў і Краснагорска даведаліся пра пагрозу толькі, убачыўшы ўласнымі вачыма пралёт дронаў або нанесеныя імі разбурэнні. Паводле слоў людзей, не было ні смс, ні сірэн на вуліцах, ні якіхсьці іншых апавяшчэнняў ад уладаў. Адміністрацыя Катэльнікаў напісала ў гарадскім чаце, што апавяшчэнне пра паветраныя атакі — «крайняя, а не звычайная мера», а сірэны ўключаюць «толькі пры прамой і пацверджанай пагрозе жыццю».

Чыноўнікі таксама заявілі, што «масавае апавяшчэнне ў неадназначнай сітуацыі здольнае нашкодзіць мацней за саму пагрозу», бо гэта «правакауе паніку і хаос». Падобная пазіцыя — у кіраўніцтва Арэхава-Зуева: «Рашэнне аб запуску сістэм апавяшчэння насельніцтва, уключэнні сірэн прымаецца, зыходзячы з абстаноўкі, якая складваецца, і толькі пры наяўнасці непасрэднай пагрозы. Пры гэтым уключэнне сірэн плануецца толькі ў выпадках непасрэднай пагрозы канкрэтным аб'ектам або раёнам».

Акрамя таго, улады Катэльнікаў адмовіліся даць жыхарам інфармацыю пра сховішчы, нягледзячы на шматлікія пытанні ў тэлеграм-чаце губернатара, як адзначае Daily Storm. Людзям паведамілі, што звесткі пра месцазнаходжанне сховішчаў, у якіх можна было б схавацца падчас налётаў БПЛА, будуць даведзеныя да насельніцтва «ў перыяд мабілізацыі і ў ваенны час». У адміністрацыі параілі звяртацца па дадатковую інфармацыю па тэлефоне аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках