Фіцо хоча арганізаваць прамую лінію сувязі паміж Украінай і РФ
3- 18.06.2026, 16:05
- 1,008
Прэм’ер Славакіі выступіць з гэтай ідэяй на пасяджэнні Еўрапейскага савета.
Прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо хоча прапанаваць ЕС арганізаваць прамую лінію сувязі паміж Украінай і Расіяй.
Пра гэта паведамляе выданне aktuality.sk.
Як паведамляе выданне, Фіцо сёння перад пасяджэннем Еўрапейскага савета ўпершыню асабіста сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Венгрыі Пэтэрам Мадзярам.
Ён таксама правядзе перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім пра будучыню адносін паміж краінамі.
«Я мяркую, што ў першую чаргу мы будзем гаварыць пра працэс уступлення Украіны ў Еўрапейскі саюз», — сказаў Фіцо.
Прэм’ер Славакіі заявіў, што не бачыць прычын, каб не падтрымаць сумеснае камюніке па выніках саміту, што датычыцца Украіны.
На пасяджэнні Еўрапейскага савета Фіцо хоча прапанаваць наладу прамой лініі сувязі паміж Расіяй і Украінай.
Ён падкрэсліў, што калі ў Украіны не будзе перспектыў пасля заканчэння вайны, «мы можам стаць сведкамі велізарнага росту арганізаванай злачыннасці».
Фіцо таксама адзначыў, што ніколі не адмаўляў зацікаўленасці Украіны ў членстве ў ЕС.
«Урад, які я ўзначальваю, не будзе падтрымліваць ніякіх скарачэнняў або выключэнняў, а таксама варыянтаў абыходу звычайнай працэдуры ўступлення ў Еўрапейскі саюз. Украіна павінна выканаць усе ўмовы», — падкрэсліў ён.
Славацкі прэм’ер таксама дадаў, што ЕС не здольны адыгрываць вырашальную ролю ў перамовах аб міры ва Украіне.
Ён паўтарыў, што неабходная замена на пасадзе вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, якую займае Кая Каллас.
Фіцо таксама лічыць вялікай памылкай адхіленне кандыдатуры былога канцлера Германіі Герхарда Шрэдэра на ролю перамоўшчыка ад Еўропы ў мірных перамовах па Украіне.
«Перамоўшчыкам можа быць чалавек, які знаёмы з абодвума бакамі», — адзначыў ён, дадаўшы, што праца Шрэдэра ў рэгіёне добра вядомая, і гэтую ідэю трэба перагледзець.