Пасажыры аўтобуса, які трапіў пад удар беспілотніка, вярнуліся ў Рэчыцу
16- 18.06.2026, 8:19
- 7,742
Адзін з іх апісаў момант атакі БПЛА.
Дзеці і дарослыя з аўтобуса ў Бранскай вобласці, які трапіў пад удар беспілотніка, вярнуліся дадому ў Рэчыцу, піша БелТА.
У рэчычанкі Наталлі Мурашкі у аўтобусе, які трапіў пад удар, ехалі двое дзяцей — сын Іван і дачка Аляксандра. «Я перажыла шок, калі пачула пра тое, што здарылася. І першае пытанне было, ці жывыя дзеці. Слава Богу, дзеці жывыя», — падзялілася эмоцыямі жанчына ў момант чакання прыбыцця аўтобусаў у Рэчыцу.
Яна распавяла, што спачатку з яе дзяцей на сувязь выйшаў сын, сказаў, што ў іх усё добра.
«А калі дачка патэлефанавала, сказала, што перасеклі мяжу, эмоцыі захлынулі: слава Богу, што дома. Госпадзі, не патрэбны Геленджык, мы і на Дняпры адпачнём, у Беларусі з дзецьмі», — дадала жанчына.

У Геленджык накіроўваўся і сын Аксаны Бандарэнка Уладзіслаў. Ён ехаў не ў пацярпелым ад атакі аўтобусе.
«Я была на працы, калі мне патэлефанавалі і спыталі, дзе мой сын. Я кажу: з'ехаў. А мне адказваюць: ты што, не ведаеш, што здарылася? І я проста прысела. Калі сказалі, што невядома, які аўтобус пацярпеў, гэта было проста (не перадаць словамі. — Прым. рэд.). Гэта быў страшны для мяне дзень», — апісала свае пачуцці жанчына.
«А калі пачула голас сына з Бранска, гэта было галоўнае — проста пачуць. Калі б з ім нешта здарылася, я б усё жыццё сябе вінаваціла», — не хавала эмоцый маці.
Момант пасля атакі БПЛА апісаў пасажыр пацярпелага аўтобуса — хлопчык Данііл.
«Я ўбачыў, што прыблізна трох частак шкла не было. Іх выбіла. А потым пачалі выводзіць хлопчыкаў, якія пацярпелі. У аднаго хлопчыка твар быў увесь у крыві. Аднаго павёз цывільны мужчына ў бліжэйшую бальніцу, бо ён на некалькі секунд страціў прытомнасць. Я моцна спалохаўся», — распавёў Данііл.

Што вядома пра трагедыю з ударам дрона па аўтобусе
Трагедыя адбылася каля 11.00 каля вёскі Рудня недалёка ад горада Почап у Бранскай вобласці — гэта за 45 км ад мяжы з Украінай, з якой Расія ваюе. Як заяўляюць расійскія афіцыйныя органы, дрон ударыў па аўтобусе. У ім ехалі 43 пасажыры. Пацярпелі васьмёра чалавек, загінула жанчына — жонка трэнера Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка. Як паведамляецца, без маці засталіся двое дзяцей.

Паводле слоў намесніка кіраўніка Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыя Алейнікава, прыватнымі перавозчыкамі быў выбраны небяспечны маршрут, фактычна ў прыфрантавой зоне.
Беларускія медыкі і следчыя накіравалі калегаў на Браншчыну. СК РФ і Беларусі ўзбудзілі крымінальныя справы (у Расіі — аб тэрарыстычным акце). У МЗС Беларусі, між іншым, заявілі пра «безумоўнае выключэнне выезду беларусаў у зоны канфліктаў, баявых дзеянняў і сумежныя з імі рэгіёны».
У Генштабе Украіны адмаўляюць сваю датычнасць да ўдару па аўтобусе, падкрэсліваючы, што «ў пазначаны перыяд Сілы абароны Украіны не прымянялі беспілотныя лятальныя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласці».