11 чэрвеня 2026, Чацвер, 1:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расія будуе ваенныя базы на 115 тысяч салдат каля межаў Нарвегіі, Фінляндыі і краін Балтыі

1
Расія будуе ваенныя базы на 115 тысяч салдат каля межаў Нарвегіі, Фінляндыі і краін Балтыі

Што вядома.

Пакуль салдаты Уладзіміра Пуціна мруць ва Украіне літаральна як мухі, уздоўж межаў са краінамі на паўночна-ўсходнім флангу НАТА ідзе маштабнае будаўніцтва ваенных баз. Новыя казармы для тысяч салдат, штабавыя памяшканні, ангары для вайсковай тэхнікі, склады боепрыпасаў. СМІ Швецыі, Нарвегіі, Даніі і Эстоніі ў сумесным расследаванні прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі, якія паказваюць, як Расія нарошчвае ваенную прысутнасць у рэгіёне. Кантынгент можа быць павялічаны з цяперашніх 20 тысяч салдат да 80, а то і да 115 тысяч, перадае The Moscow Times.

Расія стварае структуры, якія могуць быць укамплектаваныя салдатамі пасля заканчэння вайны ва Украіне, паводле даных шведскай вайсковай разведкі Must. «Мы не лічым, што яны існуюць толькі для выгляду. Ідзе гаворка пра тое, каб у будучыні Расія была гатовая супрацьстаяць НАТА ў выпадку больш маштабнага канфлікту», — сказаў дырэктар Must Томас Нільсан шведскаму тэлеканалу SVT. Паводле ягоных слоў, ад Нарвегіі да краін Балтыі на базах, што пашыраліся цягам апошняга года-двух, будуць размешчаныя восем дывізій. Гэта як мінімум 80 тысяч вайскоўцаў.

Марко Эклунд, былы намеснік вайсковага аташэ пасольства Фінляндыі ў Маскве, аналізуе сітуацыю на 19 расійскіх ваенных базах, размешчаных у адноснай блізкасці ад межаў краін НАТА. Ён выкарыстоўвае мноства крыніц — ад спадарожнікавых здымкаў да заяў і публікацый Мінабароны РФ. Агульная колькасць вайскоўцаў на аб'ектах, што будуюцца і пашыраюцца, можа дасягнуць і 115 000 чалавек, сказаў ён нарвежскаму тэлебачанню NRK. Паводле яго слоў, толькі ў пасёлку Пячэнга Мурманскай вобласці, за 10 км ад нарвежскай мяжы, гарнізон можа вырасці з 7 да 17 тысяч чалавек.

NRK правяла ўласны аналіз выбраных Эклундам ваенных аб'ектаў. На 16 з 19 з іх за апошні год актыўнасць альбо ўзрасла, альбо пачаліся новыя працы.

На думку Эклунда, адна з прычын, чаму Расія рэалізуе маштабную праграму пераўзбраення ўздоўж межаў НАТА, — неабходнасць для Пуціна падтрымліваць вобраз альянсу як ворага. Але былы афіцэр заходняй разведкі сказаў NRK:

«Гэта больш, чым проста аднаўленне балансу [з НАТА], бо на заходнім баку [ад мяжы] няма буйных фармаванняў. Калі яны [Расія] укамплектуюць дывізіі 10–15 тысячамі салдат [у кожнай], у НАТА не будзе роўнацэнных сіл.

«Асноўным спосабам вядзення баявых дзеянняў у Расіі заўсёды з'яўляецца напад», — згаджаецца Эклунд.

Многія кіраўнікі абаронных ведамстваў Еўропы лічаць, што Пуцін не пойдзе на ўзброенае супрацьстаянне з еўрапейскімі краінамі, пакуль працягваецца вайна ва Украіне. Але калі яна скончыцца, можна будзе пачаць адлік часу да таго моманту, калі Расія зноў апынецца гатовай да новага, больш маштабнага канфлікту.

Паводле меркавання ваенных экспертаў і расійскіх крыніц, з якімі пагутарыла NRK, цалкам магчыма, што тых салдат, якія цяпер ваююць ва Украіне, пакінуць на службе пасля заканчэння канфлікту. Іх можна будзе перадыслакаваць на новыя базы, што цяпер будуюцца ў Калінінградскай вобласці, каля межаў Фінляндыі і Нарвегіі.

Пакуль Расія завязла ва Украіне, вайсковая пагроза, да якой рыхтуюцца краіны альянсу, невялікая, кажа генерал-маёр Брайан Нісэн, камандуючы сіламі НАТА ў краінах Балтыі і Польшчы:

«Але сітуацыя можа вельмі хутка змяніцца ў выпадку спынення агню ва Украіне».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках