Ці чакаць беларусам спякоты ў чэрвені?
- 1.06.2026, 12:13
- 1,100
Прагноз сіноптыка.
Беларускі сіноптык Дзмітрый Рябоў на праўладным ОНТ зрабіў папярэдні прагноз надвор'я на чэрвень 2026 года. Паводле яго слоў, у першым летнім месяцы сярэднемесячная тэмпература паветра чакаецца на некалькі градусаў вышэй за кліматычную норму, якая складае ад +15 градусаў на паўночным захадзе краіны да +18 градусаў на паўднёвым усходзе.
У чэрвені чакаюцца камфортныя дзённыя тэмпературы ад +20 да +25 градусаў, у асобныя дні вышэй — да +30 градусаў. Сонца таксама будзе шмат, працягласць дня ў чэрвені вялікая. Агулам у чэрвені сонца свеціць 265–290 гадзін.
Каля кліматычнай нормы, паводле прагнозу Дзмітрыя Рябова, будуць і ападкі ў чэрвені. У сярэднім гэта 12–15 дзён з дажджамі. Навальніцы не выключаюцца.
«Калі казаць у цэлым, паводле папярэдніх прагнозаў, нас чакае вельмі камфортны тэмпературны фон. Без анамальнага холаду, экстрэмальнай спякоты і іншых катаклізмаў», — адзначыў Дзмітрый Рябоў.