У Беларусі з'явілася Каардынацыйная група па абароце і вытворчасці алкаголю
3- 4.05.2026, 21:13
Будзе адказваць за імпарт.
У Беларусі змянілі сістэму ўвозу алкагольнай прадукцыі. Для правядзення спецыяльных конкурсаў ствараецца Каардынацыйная група пры Савміне. Новым указам удасканальваецца сістэма ўвозу алкаголю, паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым дыктатар працягне ўзгадняць спіс пераможцаў конкурсу імпарцёраў.
Указам Лукашэнкі пры Савміне ствараецца «Каардынацыйная група па вытворчасці і абароце алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі, нехарчовага этылавага спірту». Яе ўзначальвае першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў. У складзе групы паўтара дзясятка прадстаўнікоў розных ведамстваў, уключаючы КДБ. Важная функцыя каардынатараў — арганізацыя конкурсаў на права імпарту алкаголю ў краіну.
Раней за такія конкурсы адказвала міжведамасная камісія на чале з міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю. З новым указам яна спыняе існаванне.
Акрамя таго, група пры Савміне займецца аналізам «патрэбы і забяспечанасці ўнутранага рынку», а таксама будзе вызначаць і размеркоўваць квоты вытворчасці алкаголю. Каардынатары таксама адказваюць за забеспячэнне збалансаванасці ўнутранага рынку ў гэтай сферы.
Пералік пераможцаў конкурсу на імпарт алкаголю раней зацвярджаўся Лукашэнкам. Такая ж норма (цяпер гэта ўзгадненне, а не зацвярджэнне) прапісаная і ў новым указе.
Нагадаем, у Беларусі з 2021 года, паводле даных Белстата, скарачаецца спажыванне алкаголю. Пры гэтым рынак спецыялізаваных алкамаркетаў працягвае расці.
Вялікім імпарцёрам алкаголю ў Беларусі з'яўляецца «Беларусьторг» Упраўлення справамі Лукашэнкі з сеткай з 53 крам «Аматиста».