29 траўня 2026, Пятніца, 1:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Фельштынскі: Пасля звяржэння Лукашэнкі Беларусь уступіць у ЕС і НАТА

18
Юрый Фельштынскі: Пасля звяржэння Лукашэнкі Беларусь уступіць у ЕС і НАТА
Юрый Фельштынскі

Гэта забяспечыць бяспеку ўсяго рэгіёна.

Вядомы амерыканскі пісьменнік Юрый Фельштынскі, аўтар кнігі пра сучасную беларускую гісторыю «Беларусь Наталлі Радзінай. Журналістка супраць дыктатара» даў інтэрв’ю польскаму выданню niezalezna.pl.

Юрый Фельштынскі ўпэўнены, што адсутнасць цікавасці Еўропы і астатняга свету да Беларусі — гістарычнае непаразуменне, а ўступленне нашай краіны ў ЕС і НАТА забяспечыць бяспеку ўсяго рэгіёна. Сайт Charter97.org прыводзіць пераклад інтэрв’ю з польскай мовы.

— Вы гадамі займаліся гісторыяй Расіі, яе спецслужбаў. А на пачатку гэтага года выйшла ваша новая кніга, прысвечаная Беларусі і заснаваная на досведзе беларускай апазіцыі. Чым абумоўлены ваш інтарэс да гэтай тэматыкі? І ці ёсць ва ўсім гэтым яшчэ след спецслужбаў? У чым, на ваш погляд, актуальнасць гэтай кнігі?

— Не трэба быць вялікім стратэгам, каб разумець, што ў сучасным свеце Беларусь з’яўляецца ключом да бяспекі Еўропы. На ўсходзе яна мяжуе з Украінай. На захадзе — з Літвой і Польшчай. Напярэдадні ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года Расія выкарыстала Беларусь як найважнейшы плацдарм для падрыхтоўкі свайго наступу, а атака на Кіеў з тэрыторыі Беларусі стала напрамкам галоўнага ўдару расійскай арміі. Лічылася, што імклівы захоп Кіева прывядзе да капітуляцыі Украіны і да вяртання ва Украіну ўрада Віктара Януковіча, а расійскія войскі праз Адэсу змогуць выйсці да межаў Малдовы, дзе ў рэгіёне, які называецца Прыднястроўем, таксама меўся даўно створаны Расіяй плацдарм, неабходны для захопу гэтай невялікай рэспублікі, якая да 1991 года, як і Украіна, уваходзіла ў склад СССР.

На наступным этапе расійскае кіраўніцтва планавала прад’явіць НАТА ультыматум аб вывадзе з яе складу краін Балтыі, пагражаючы ў адваротным выпадку паўнамаштабным уварваннем. На наступным этапе НАТА павінны былі пакінуць краіны, што ўступілі туды пасля 1991 года. У гэтым і палягаў план Пуціна па аднаўленні СССР і таго ўплыву, якім карыўся Савецкі Саюз у Еўропе.

Але ўсё гэта было магчыма толькі ў тым выпадку, калі б Беларусь заставалася плацдармам для магчымай агрэсіі супраць Украіны і астатняй Еўропы. Страціўшы кантроль над Беларуссю, Расія ўжо не змагла б ні пагражаць Еўропе, ні ўварвацца ў яе.

Адсутнасць цікавасці Еўропы і астатняга свету да незалежнай Беларусі варта лічыць трагічным гістарычным непаразуменнем. У снежні 1991 года разам з Расіяй і Украінай Беларусь падпісала Белавежскія пагадненні, якія афіцыйна спынілі існаванне СССР. Але на першых пасля распаду СССР прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі да ўлады прыйшоў прарасійскі палітык Лукашэнка, які застаўся кіраваць гэтай краінай назаўжды як дыктатар.

Апазіцыйны антылукашэнкаўскі рух пачаўся ў Беларусі ўжо ў 1995 годзе. Ён жорстка падаўляўся ўладамі, што забівалі канкурэнтаў Лукашэнкі за ўладу і крытыкаў яго рэжыму, пакінулі ў сіле смяротнае пакаранне, ад якога адмовілася не толькі Еўропа, але і Расія (з 1996 года), і звярталіся да масавых арыштаў і зняволення апазіцыянераў, пакінуўшы ў Беларусі старое савецкае КДБ недакранутым і нават не перайменаваным.

Масавыя пратэсты, што пачаліся ў Беларусі ў жніўні 2020 года пасля таго, як прайграўшы выбары Лукашэнка абвясціў сябе на гэтых выбарах пераможцам, працягваліся некалькі месяцаў. Па сутнасці, гэта была рэвалюцыя, падаўленая Лукашэнкам з неверагоднай жорсткасцю. І ўвесь гэты час Еўропа і ЗША назіралі за тым, што адбываецца, не аказваючы паўсталым рэальнай дапамогі.

Нядзіўна, што рэвалюцыя была падаўленая. Апазіцыя была разгромленая. Лукашэнка застаўся пры ўладзе і аддаў сваю краіну ў распараджэнне Пуціна, дазволіўшы сканцэнтраваць у Беларусі расійскія войскі, неабходныя для ўварвання ва Украіну.

Разгром пратэстнага руху 2020 года, якому не аказалі дапамогі ні Украіна, ні Польшча, ні Літва, што мяжуюць з Беларуссю, стаў першапрычынай пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў лютым 2022 года.

— Галоўная гераіня вашай кнігі — журналістка Наталля Радзіна. Чаму яна, а не, скажам, Святлана Ціханоўская, якая, дарэчы, у лютым пераехала са сваім офісам з Вільні ў Варшаву.

— Калі я пішу кнігі, прысвечаныя складаным праблемам, што выходзяць за межы чыстай гісторыі, я вельмі часта абапіраюся на дапамогу сваіх сааўтараў, якія дапамагаюць мне разабрацца ў тэме. «ФСБ взрывает Россию», «Корпорация», «Третья мировая: битва за Украину», «От Красного террора к террористическому государству» — усе гэтыя кнігі былі напісаныя дзякуючы дапамозе маіх сааўтараў.

Беларусь я спрабаваў зразумець праз жыццё беларускага палітыка. Такі быў у мяне задум: паказаць Беларусь праз жыццё аднаго канкрэтнага чалавека. Вы слушна задалі пытанне пра Святлану Ціханоўскую, таму што я паехаў менавіта да яе. Я сустрэўся ў Вільні з ёю і членамі яе каманды; пасля пераляцеў у Вашынгтон, бо некалькі членаў яе каманды тады былі ў Вашынгтоне. Але Ціханоўская не пакінула на мяне ўражання, і, падаецца, гэта было ўзаемна. Ніякага энтузіязму з яе боку я не сустрэў.

Гэта было яшчэ да таго, як мне стала вядома, што перад ад’ездам з Беларусі Ціханоўская ўзяла ў Лукашэнкі 15 тысяч долараў. Калі б я ведаў пра гэта раней, сустракацца з Ціханоўскай я б не стаў.

Наступнай у спісе была Наталля Радзіна. Мы былі знаёмыя пэўны час. Наталля час ад часу брала ў мяне інтэрв’ю для свайго сайта «Хартыя’97». Але канчатковае рашэнне напісаць пра Беларусь праз жыццё Наталлі Радзінай было прынята мною пасля таго, як у лютым 2024 года мы апынуліся ўдзельнікамі адной панэлі на Форуме свабоднай Расіі ў Вільні, а затым яшчэ і прэзентацыі ў Варшаве зборніка артыкулаў «Беларусь у НАТА», адным з аўтараў якога быў я. Гэтыя дзве падзеі ўсё і вызначылі. Я зразумеў, што здолею распавесці пра сучасную Беларусь — яе гісторыю, значэнне, праблемы і перспектывы — праз жыццё Наталлі Радзінай. Спадзяюся, што мне гэта ўдалося.

— Паводле дадзеных польскага міграцыйнага партала — на студзень 2026 г. у Польшчы пражывала каля 141 тыс. беларусаў з дазволам на знаходжанне. У перыяд з 2020 па 2025 год гэтая лічба павялічылася ў дзесяць разоў. А калі параўнаць з пачаткам 2016 года, то больш чым у 30 разоў (тады ў Польшчы пражывала каля 4 500 грамадзян Беларусі з дазволам на жыхарства). Польшча дзесяцігоддзямі з’яўляецца домам для многіх беларускіх апазіцыянераў. Як гісторык — якія вы бачыце магчымыя плюсы, а таксама мінусы ўсё большай плыні беларусаў у Польшчу?

— Статыстыка эміграцыі беларусаў — і Польшча не адзіная краіна, у якую беларусы ўцякаюць, — сведчыць пра непрыманне беларусамі рэжыму Лукашэнкі. Я спрабаваў паказаць у сваёй кнізе, што беларусы ніколі не лічылі сябе другасным прыдаткам Расіі, а арыентаваліся на тую Еўропу, да якой належалі Польшча і Літва. Гэты шлях адкрыты для Беларусі і сёння — праз уступленне ў ЕС і НАТА. Перашкодай з’яўляюцца Лукашэнка і Пуцін.

Але гэта часовыя цяжкасці, хаця яны цягнуцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Усе дыктатары смяротныя. Лукашэнка з Пуціным — не вынятак. Калі дыктатарскі рэжым Лукашэнкі будзе звяргнуты, Беларусь здабудзе свабоду і ўступіць у ЕС, міграцыя насельніцтва перастане быць вымушанай з’явай.

Польшча, якая мяжуе з Украінай і Беларуссю, апынулася натуральным прыстанішчам для ўкраінцаў, што ратуюцца ад расійскай агрэсіі, і беларусаў, якія ўцякаюць ад лукашэнкаўскай дыктатуры. Статыстыка гэтых міграцый вельмі прыблізная. Да паўтара мільёна ўкраінцаў з’ехалі ў Польшчу, паўтара–два мільёны палякаў жывуць і працуюць за мяжой. На гэтым фоне 140 тысяч беларусаў не надта змяняюць дэмаграфію краіны. Гасціннасць да суседзяў, што апынуліся ў безвыходным становішчы, — якасць высакародная і, як правіла, узаемавыгадная.

— Ваша кніга выйшла на трох мовах — беларускай, рускай і ўкраінскай. Ці будзе яна таксама па-польску? І чаму?

— Я вельмі спадзяюся, што мая кніга выйдзе па-польску, найперш таму, што гісторыя Беларусі непарыўна звязаная з польскай і павінна ўяўляць цікавасць для польскага чытача. У цяперашняй сітуацыі, калі Расія развязала вайну ва Украіне і пагражае агульнаеўрапейскаму міру, усведамленне стратэгічнай важнасці Беларусі — чаму будзе спрыяць публікацыя гэтай кнігі — складнік абарончай палітыкі дзяржаў Усходняй Еўропы. Змена рэжыму ў Беларусі, увод яе ў ЕС і НАТА, назаўсёды забяспечаць Польшчу ад расійскага ўварвання, у той час як Беларусь, якая выкарыстоўваецца Расіяй як плацдарм для канцэнтрацыі войскаў і ўварвання да суседзяў, уяўляе пагрозу, у тым ліку і для Польшчы.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках