4 траўня 2026, панядзелак, 12:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анджэй Пачобут распавёў, што яму дапамагло трымацца ў беларускай турме

2
Анджэй Пачобут распавёў, што яму дапамагло трымацца ў беларускай турме
Анджэй Пачобут

Першае інтэрв’ю палітвязня, які выйшаў на волю.

Вызвалены беларускі палітвязень Анджэй Пачобут у інтэрв’ю Gazeta Wyborcza апісаў свой суд, які пачаўся ў лютым 2023-га.

— Ахоўнікі кажуць мне: «Тварам да сцяны». А я ім цвёрда: «Не». Прапагандысты былі здзіўленыя, што я гляджу ім усім у вочы. Я быў так раз’юшаны, што калі б позіркам можна было іх спаліць, яны б згарэлі ў гэтай зале за тое, што прыйшлі здымаць маё прыніжэнне.

Наступнага дня зноў тоесамае. Міліцыя кажа: «Стань тварам да сцяны», зноў уваходзіць камера, паўтараюць: «Тварам да сцяны». А я кажу: «Ні ў якім разе». Пакуль мяне здымаюць, я не буду выконваць гэты загад, бо лічу яго для сябе ганебным. Гэта я вырашаю, як людзі будуць мяне бачыць.

Абвінавачанні выглядалі сюррэалістычна: журналіста судзілі за гераізацыю Арміі Краёвай і спробу аддзяліць частку Беларусі на карысць Польшчы.

Доказамі служылі рассакрэчаныя пратаколы НКВД 1940-х гадоў. Пачобут прынцыпова адмовіўся ад паказанняў, патрабаваў адваката і выступіў з апошнім словам па-польску, якое суддзя Бубенчык нават не дазволіў перакласці.

Ён кажа, што разумеў, што яго могуць затрымаць, але не хацеў уцякаць: «Тысячы нашых людзей жывуць у Беларусі, і я з імі. Я несу за іх адказнасць. За тых палякаў, якіх я далучыў да дзейнасці Саюза палякаў».

Наваполацкая калонія для Анджэя Пачобута стала месцам татальнага кантролю — за кожную спробу адстойваць годнасць даводзілася плаціць месяцамі ў адзіночцы.

Ён распавядае, што калонія ў Наваполацку заціснутая паміж гігантамі «Нафтан» і «Палімір». Гэта прамысловая зона, дзе галоўная праца для зэкаў — «найбольш агідная» і небяспечная: абпал правадоў ад ізаляцыі.

«Трэба паліць гуму паяльнікам. Тут парушаюцца ўсе нормы бяспекі… Аднойчы над лагерам з’явіўся дрон МНС — пажарныя хацелі праверыць, адкуль гэты слуп чорнага дыму. А гэта зняволеныя палілі ізаляцыю. Ахова адкрыла па дроне агонь».

Паводле слоў Пачобута, палітычныя працуюць там без перапынку, маючы толькі адзін выходны ў нядзелю, у той час як іншыя зэкі — толькі два дні на тыдзень, бо працы на ўсіх не стае.

Пачобута спрабавалі зламаць «паводле статута». Яго трасьцілі вобыскамі па два разы на дзень, збіраючы дробныя парушэнні: напрыклад, за тое, што электрабрытва ляжала разам з зарадкай.

«Адзін зняволены казаў, што 12 гадоў адседзеў і не бачыў, каб камусьці двойчы на дзень рабілі поўную праверку. А рабілі гэта наўмысна… Дастаткова адной нетакточнасці, памылкі — і цябе адпраўляюць у ШІЗА».

Калі Пачобута нарэшце выпусцілі адтуль, адміністрацыя падрыхтавала новую пастку: яго спрабавалі прымусіць чысціць прыбіральні. У турэмнай іерархіі гэта азначае статус ізгоя.

«Я адмовіўся. За гэта мяне адправілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). У выніку я правёў там шэсць месяцаў. Даводзілі да поўнай знямогі, ціск пастаянна скакаў. Палітычныя, якія мяне бачылі, хапаліся за галовы».

Анджэй прызнаецца, што трымацца яму дапамагала памяць пра тых, хто прайшоў сталінскія лагеры.

Ад холаду ратаваўся спортам: «Мог зрабіць за адну серыю 140 адцісканняў».

Найцяжэйшым выпрабаваннем была разлука з сям’ёй. У 2021 годзе ўлады нават спрабавалі арганізаваць спатканне з жонкай Аксанай так, каб яна сама пераканала яго з’ехаць. Не атрымалася.

«Я заўсёды хацеў пабачыць наваполацкі ГУЛАГ знутры. І мая цікаўнасць была задаволеная. Я даведаўся, як працуе сістэма», — тлумачыць ён.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках