Ад Трампа аказалася шмат карысці
4- Аляксандр Марозаў
- 31.05.2026, 11:11
- 1,648
Украіна не толькі ўстояла, але нават паспяхова развіла дронавую вайну.
Відавочна, што «здзелкі» — не моцны бок Трампа. Гэта, як кажуць, «ну не яго». Але ад Трампа аказалася шмат карысці. Напрыклад:
1. Вось да Трампа здавалася, што «сацыяльная дзяржава» ў крызісе, і ёсць нейкі адказ на гэты крызіс у выглядзе «лібертарыянства». А Трамп прыйшоў, здзёр скатэрць са стала — і ўсе жахнуліся: альтэрнатывай сацыяльнай дзяржаве будзе карпаратыўны тэхнафашызм. Ну і на гэтым фоне «сацыяльная дзяржава» адразу зрабілася прымальнай.
2. Да Трампа многія думалі: «а можа Захад нешта не так зрабіў у дачыненні да Расіі», прафесар Міршаймер і інш. А Трамп сустрэўся з Пуціным у Анкорыджы: маўляў, давай усё паправім, гэта «Байдэн» усё рабіў няправільна, а я буду правільна. А той у адказ: «внезапу царство обрете к прослутию; но блюди, не забывай себе, скотския похоти твоя произволивши». Трамп з’ехаў, і ўся канцэпцыя «рацыянальнага выбару» ва знешняй палітыцы Крамля выпарылася ў астатнім свеце.
3. Да Трампа Еўропа выглядала слабавата. На фоне ЗША. Ён вырашыў самастойна прадэманстраваць моц «сусветнага паліцэйскага», не стаў ніякай кааліцыі фармаваць для вырашэння праблемы Ірана. У выніку армада стаіць, а Іран заблакаваў праліў. На гэтым фоне адразу весялей выглядаюць не толькі шведскія ВПС, але і ўвогуле ваенныя і палітычныя магчымасці найбуйнейшых эканамік Еўропы.
4. Да Трампа здавалася, што Украіна не ўтрымаецца без ЗША. Год ён вазіў туды-сюды ўкраінскія дэлегацыі, маўляў, болей нічога не дамо. Між тым Украіна не толькі ўстояла, але нават і паспяхова развіла дронавую вайну, а Крэмль усё яшчэ спрабуе акружыць Канстанцінаўку. І скончылася ўсё тым, што праз 14 месяцаў Рубіо сказаў, што ўкраінцы дасягнулі ўражлівых вынікаў і трэба з імі супрацоўнічаць у сферы новых узбраенняў.
5. Да Трампа ўласныя еўрапейскія правыя выглядалі значна пераканаўвей. Ён, што называецца, «падсвяціў». Орбан зляцеў з грукатам (нягледзячы на прамую падтрымку Трампа). Электаральна яны ўсюды атрымліваюць свае 15–20%, але цяпер яны баяцца абпаліцца на вадзе і «дзьмуць на малако».
6. Да Трампа ўсе абмяркоўвалі, што аслабляюцца рамкі старых міжнародных дамоваў, ідзе іх эрозія. Цяпер усе: «ой-ёй! якія добрыя былі дамовы, хоць і з эрозіяй. Лепш такія, чым ніякіх».
Дык што — карысці шмат. Нават «грэнландскія сепаратысты» прыціхлі, маўляў, трэба прыкруціць фітылёк, цяпер не час.
Аляксандр Марозаў, «Фэйсбук»