У 2025 годзе ў Беларусі выдалі ў 4,2 раза менш шэнгенскіх віз, чым у 2019-м
4- 30.05.2026, 11:59
Названыя вызначальныя прычыны.
У 2025 годзе ў Беларусі было выдадзена 152 171 шэнгенская віза, уключаючы 129 672 шматразовыя візы і 221 візу з абмежаваным тэрытарыяльным дзеяннем. Зафіксавана таксама 3652 адмовы ў выдачы віз, піша «Позірк» са спасылкай на міграцыйную службу Еўрасаюза.
Аналіз статыстыкі за шэраг папярэдніх гадоў паказвае, што агульная колькасць выдадзеных у Беларусі шэнгенскіх віз рэзка ўпала ў 2020 годзе ў параўнанні з 2019-м: з 643 474 да 134 777 (колькасць скарацілася ў 4,8 раза).
Аднак і пасля заканчэння эпідэміі колькасць выдадзеных шэнгенскіх віз не наблізілася да даковіднага ўзроўню. Так, у 2025 годзе іх было ў 4,2 раза менш, чым у 2019-м. Тут вызначальную ролю маглі адыграць палітычныя прычыны, лічыць «Позірк»: спыненне або рэзкае скарачэнне выдачы віз кансульскімі ўстановамі краін ЕС у Беларусі.
Найбольш правальным за апошнія гады стаў 2021-ы, калі яшчэ захоўваліся пэўныя кавідныя абмежаванні. Тады за год у Беларусі было выдадзена ўсяго 57 485 шэнгенскіх віз.