Пятае лета вайны пачынаецца з дронавай перавагі Украіны
- 30.05.2026, 10:42
Кіеў выкарыстоўвае трохузроўневую стратэгію БПЛА.
Украіна да пачатку пятага лета вайны выбудавала шматузроўневую сістэму беспілотнай вайны, якая ўсё мацней уплывае на сітуацыю на фронце і ў расійскім тыле. Паводле The Washington Post, менавіта масавае выкарыстанне дронаў стала адной з галоўных прычын рэзкага запаволення расійскага наступу (пераклад — сайт Charter97.org).
Кіеў выкарыстоўвае трохузроўневую стратэгію БПЛА. Даўнабійныя беспілотнікі атакуюць нафтаперапрацоўчыя заводы, склады і вайсковую інфраструктуру глыбока на тэрыторыі Расіі. Адзін з самых гучных эпізодаў — рэйд дронаў на адлегласць больш за 1700 кіламетраў — аж да Рэспублікі Комі.
Апараты сярэдняй далёкасці наносяць удары па расійскай лагістыцы, сістэмах ППА і штабах на адлегласці да 300 кіламетраў ад лініі фронту. Гэтыя ўдары ўскладняюць забеспячэнне расійскіх войскаў і прымушаюць Маскву перакідваць рэсурсы на абарону тылу.
Непасрэдна на лініі баявых дзеянняў квадракоптары і наземныя робаты выконваюць амаль усе ключавыя задачы — ад разведкі і карэкцыі агню да дастаўкі боепрыпасаў і эвакуацыі параненых. Гэта дазваляе ўкраінскай арміі зніжаць страты асабовага складу.
Паводле ацэнак украінскіх і заходніх аналітыкаў, тэмпы прасоўвання расійскіх войскаў прыкметна скараціліся, а страты тэхнікі і жывой сілы працягваюць расці. Расія вымушана адводзіць частку флоту і ўзмацняць проціпаветраную абарону ўнутры краіны.
Пры гэтым вайна застаецца надзвычай цяжкай для Украіны. Каля 20% тэрыторыі краіны застаецца пад расійскім кантролем, працягваюцца ўдары па энергетычнай інфраструктуры, а Кіеву не стае сістэм ППА і асабовага складу. Украіна таксама захоўвае залежнасць ад ваеннай дапамогі еўрапейскіх саюзнікаў.
Нягледзячы на гэта, у Кіеве ўсё часцей гавораць пра асцярожны аптымізм: стаўка на беспілотныя тэхналогіі дазваляе Украіне кампенсаваць нястачу рэсурсаў і паступова змяняць ход вайны.