У Лукашэнкі разаблачылі «змову»
3- Аляксей Мазартаў, «Беларусы і рынак»
- 30.05.2026, 10:31
- 3,792
Кругам ворагі.
Як вядома, ворагі ходзяць вакол, клацаюць зубамі, замахваюцца на стабільнасць і хочуць выкрасці нашы дзяржаўныя сакрэты. Але хвалявацца не трэба. Дзяржаўныя сакрэты ёсць каму абараніць.
Кругам ворагі
На мінулым тыдні Еўрапейска-беларуская бізнес-асацыяцыя збіралася правесці ў Віцебску канферэнцыю, адпаведна, для беларускіх і еўрапейскіх бізнесменаў з удзелам заходніх пасольстваў. Тых пасольстваў, якія пакуль яшчэ, выключна праз недагляд, проста рукі не дайшлі, у Беларусі засталіся.
Ну віцебскія ўлады адразу, вядома, западозрылі нешта нядобрае. Зразумелі, што не бізнесам яны там насамрэч збіраюцца займацца.
«Вербаванне бізнесу і банкіраў або збор інфармацыі», — гаворыцца ў сюжэце, які выйшаў на БТ.
Ну, бо іншай жа альтэрнатывы няма. Дзеля чаго ж праводзяць бізнес-форумы? Каб вербаваць банкіраў і збіраць сакрэтную інфармацыю. Таму віцебскія ўлады, вядома, забаранілі правядзенне ў сябе гэтага сумніўнага мерапрыемства. Але некаторыя ўдзельнікі, уключаючы кіраўніка прадстаўніцтва Еўразвязу, кіраўніка пасольства Швецыі і часовага паверанага ў справах Румыніі, усё ж такі прыехалі ў Віцебск. Каб правесці экскурсію па горадзе і наведаць віцебскую свабодную эканамічную зону.
Ну то бок яны вось проста так, свабодна, хацелі наведаць свабодную эканамічную зону. Ну ясна ж, што гэта неспроста. Што сумленны чалавек у свабодную эканамічную зону Віцебска не паедзе.
«Такія падпольныя візіты на нашы прадпрыемствы патрэбныя якраз для таго, каб і іх потым тапіць санкцыйна».
Мыш не праскочыць!
Але, на шчасце, пільнасць аказалася на вышыні. Дэлегацыю змоўшчыкаў сустрэла вялікая група дзяржаўных журналістаў. Задавалі выключна правільныя, надзённыя і абсалютна дарэчныя пытанні. Пра тое, адкуль на Беларусь рыхтуецца напад, чаму еўрапейска-беларуская асацыяцыя не паклікала на свой форум іранскіх бізнесменаў і як там у шведаў з мігрантамі. Ну і, вядома, галоўнае пытанне, якое задаў шведскаму часоваму паверанаму галоўны прапагандыст Грыгорый Азаронак: «А можа, вы нейкія беларускія эканамічныя сакрэты хочаце даведацца».
Той, вядома, пачаў адхрышчвацца і казаць, што на сакрэты ён не замахваўся. Але дзяржаўныя журналісты яму не паверылі. Бо эканамічныя сакрэты трэба берагчы. Асабліва такога выбітнага рэгіёна, як Віцебская вобласць.
На фоне пэўнага эканамічнага прыросту ў краіне ў цэлым эканоміка вобласці за чатыры месяцы скарацілася на 1,7 працэнта. Чыстая страта на адно прадпрыемства па вобласці ў сярэднім складае 3 мільёны рублёў. Наваполацк, дзе знаходзіцца гонар беларускай нафтаперапрацоўкі завод «Нафтан», за першыя два месяцы года атрымаў страт на 300 мільёнаў рублёў.
Такія сакрэты як не выкрасці. Пэўна, на Захадзе ахвотныя ў чаргу становяцца, каб іх з сабой унесці. Вось цэлы бізнес-форум арганізавалі дзеля гэтага.
Увогуле, дзяржаўныя журналісты дзень пражылі не дарэмна. Абаранілі Віцебскую вобласць ад заходніх інвестыцый. Таксама, як беларускія ўлады штодзень абараняюць ад гэтых інвестыцый усю краіну.
Аляксей Мазартаў, «Беларусы і рынак»