Беларус аб’ехаў усе гарады краіны
3- 3.05.2026, 20:37
- 1,694
На гэта пайшло шэсць гадоў.
Беларус Арцём распавёў у Threads, што за шэсць гадоў наведаў усе гарады Беларусі. Яго пост набраў больш за 160 тысяч праглядаў і тысячы каментарыяў, на якія ён адказваў карыстальнікам. Людзі пыталіся пра любімыя месцы, і аўтар адзначыў, што найбольш яму даспадобы Лунінец і Лунінецкі раён, бо ён адтуль родам, а таксама — «па-за канкурэнцыяй Гродна», піша Hrodna.life.
«Задавайце свае пытанні. Патраціў на гэта 6 гадоў. Усе 115 гарадоў, 118 раёнаў, а таксама сотні вёсак і пасёлкаў. У суме каля паўтысячы населеных пунктаў», — напісаў Арцём.
Акрамя Беларусі ён таксама наведаў яшчэ 10 краін.
Падарожжы Арцём пачынаў з прыгарадных цягнікоў — дызеляў і электрычак.
«Гэта было танна, весела і ўвогуле я люблю чыгунку. Пазней сталі карыстацца пасажырскімі цягнікамі. Калі скончыліся гарады, дзе ёсць чыгунка — у ход пайшлі аўтобусы. Планаваць лагістыку станавілася ўсё складаней. Але да таго часу ў сябра з’явілася машына, і ўсе прабелы закрылі паездкамі на аўтамабілі. На ровары ездзіў па сваім і суседніх раёнах», — распавёў ён.
Паводле слоў Арцёма, працягласць паездак залежала ад лагістыкі:
«Ну, кожны раз па-рознаму. Шмат што залежала ад лагістыкі і раскладу БЧ. Абласныя, зразумела, не на адзін дзень, ну і там я наогул бываў па 5—6 разоў у кожным. У большасці гарадоў дастаткова паўдня».
Выдаткі ён не падлічваў:
«Але фактычна кожная паездка абыходзілася ў капейкі. Прыгарадныя цягнікі і цяпер каштуюць нямнога, а ў 2010‑х тым больш. Хатняя ежа, тэрмас… ды і ўсё, у прынцыпе».
Таксама ён распавёў, што першы час рабіў нататкі пра кожнае месца. Вёў блог, дзе падрабязна апісваў кожную паездку, цікавыя мясціны і спосабы даехаць.
«Пазней гэтыя нарысы сталі надта аднатыпнымі з-за колькасці мясцін, і я перастаў гэтым займацца».
Адным з самых любімых гарадоў падарожнік назваў Гродна. Ён адзначыў атмасферу, архітэктуру і асабістыя ўспаміны:
«Дарэчы, толькі ў гэтым горадзе я праводзіў час з найлепшымі людзьмі ў маім жыцці».
Сярод рэгіёнаў ён таксама вылучыў Гродзенскую вобласць і часткі Віцебскай вобласці, асабліва каля мяжы з Літвой. А любімыя — Лунінец і Лунінецкі раён, «бо гэта Радзіма!»
Карыстальнікі пыталіся ў Арцёма і пра канкрэтныя месцы. Напрыклад, пра Іўе:
«Выдатны [горад]. Асабліва касцёл, на які адкрываецца прыгожы від з дарогі. Не прыгадаю іншага горада ў Беларусі з перасячэннем чатырох рэлігій».
Таксама яго пыталіся пра Ліду і выкарыстанне гідаў:
«Не, ніколі і ніякіх гідаў не наймалі. Мэта заключалася ў саміх паездках і жаданні паглядзець горад вачыма простага турыста. Маршрут выбіраўся з папулярных рэсурсаў. Асноўныя славутасці — з путэўнікаў. У Лідзе бываў часта, у тым ліку на Lidbeer».
Адказваючы на пытанне пра адрозненні паміж рэгіёнамі, ён адзначыў:
«Безумоўна! І гэта вельмі яскрава выяўлена».