Банкам у Беларусі дазволяць даведвацца, адкуль вы ўваходзіце ў інтэрнэт-банк
4- 26.05.2026, 21:28
- 1,702
Навошта ім геалакацыя?
З 1 ліпеня 2026 года беларускія банкі будуць абавязаныя збіраць і аналізаваць даныя пра геалакацыю і «лічбавы адбітак» прылад кліентаў. У Нацбанку растлумачылі: гэта нібыта трэба для абароны ад махляроў і несанкцыянаваных плацяжоў.
«Лічбавы адбітак» — гэта набор тэхнічных параметраў смартфона або камп’ютара. У яго могуць уваходзіць мадэль прылады, версія праграмнага забеспячэння, налады браўзера, геалакацыя і іншыя даныя.
Працаваць гэта будзе па прынцыпе, які ўжо знаёмы карыстальнікам сацсетак і мэсэнджараў. Калі чалавек заходзіць у акаўнт з новай прылады, сэрвіс можа даслаць апавяшчэнне або папрасіць прайсці дадатковую праверку.
Таксама банкі будуць правяраць уваход у дыстанцыйныя сэрвісы. Пры першым уваходзе сістэма сфарміруе «эталонны лічбавы адбітак» прылады кліента. Калі пазней нехта паспрабуе ўвайсці з падазронымі параметрамі — напрыклад, з іншай геалакацыяй, — банк зможа заўважыць несупадзенне і спыніць аперацыю да таго часу, пакуль кліент не пацвердзіць.
У Нацбанку падкрэсліваюць: колькасць прылад для ўваходу ў інтэрнэт-банк абмяжоўваць не будуць. У аднаго кліента можа быць некалькі «эталонных» адбіткаў — напрыклад, для смартфона, ноўтбука і планшэта.
Асобна рэгулятар растлумачыў, чаму банкам патрэбная менавіта геалакацыя. Месцазнаходжанне — адзін з параметраў лічбавага адбітка. Пры гэтым аперацыйныя сістэмы патрабуюць асобнага дазволу карыстальніка на доступ да геаданых — як у прыкладаннях таксі, дастаўкі або навігацыі.
Паводле дадзеных Нацбанка, лічбавыя адбіткі нібыта будуць захоўвацца ў зашыфраваным выглядзе, не перадавацца трэцім асобам і выкарыстоўвацца толькі ў антыфрод-сістэмах пры ўваходзе ў дыстанцыйны банкаўскі сэрвіс.