Вашынгтон узмацняе ўплыў на Паўднёвым Каўказе
- 26.05.2026, 18:38
ЗША і Арменія запускаюць праект TRIPP.
Вашынгтон і Ерэван падпісалі вялікае пагадненне аб стратэгічным супрацоўніцтве ў межах праекта «Шлях Трампа дзеля міжнароднага міру і працвітання» — TRIPP. Падрабязнасці апублікавала выданне ArmenPress.
Дакумент быў падпісаны 26 мая ў Ерэване кіраўніком МЗС Арменіі Араратам Мірзаянам і дзяржсакратаром ЗША Маркам Рубіа. Акрамя TRIPP, таксама быў прыняты мемарандум аб рэдказямельных мінералах і металах.
Гэта падзея для Арменіі з’яўляецца гістарычнай. Яшчэ нядаўна рэспубліка лічылася зонай выключнага ўплыву Расіі на Паўднёвым Каўказе. Але цяпер Ерэван усё больш актыўна наладжвае адносіны з ЗША і еўрапейскімі краінамі.
Падчас цырымоніі Рубіа падтрымаў цяперашні курс армянскага кіраўніцтва.
— Уся ваша каманда тут, у Арменіі, пракладае шлях да больш светлай і незалежнай будучыні для Арменіі, — заявіў ён.
Праект TRIPP павінен ператварыць Арменію ў важны транспартны і лагістычны вузел рэгіёна. Ідзе гаворка пра будаўніцтва і развіццё чыгуначных дарог, аўтамабільных трас, энергетычнай інфраструктуры, трубаправодаў, ліній сувязі і электрасетак.
Адзін з ключавых пунктаў пагаднення — стварэнне сумеснай кампаніі TRIPP Development Company. Кантрольны пакет у 74% атрымае амерыканскі бок. Арменіі будзе належаць 26%. Кампанія атрымае эксклюзіўныя правы на выкарыстанне і развіццё тэрыторый, звязаных з праектамі TRIPP, на тэрмін 49 гадоў з магчымасцю падаўжэння.
Пры гэтым Арменія захоўвае поўны суверэнітэт над сваёй тэрыторыяй, межамі і інфраструктурай.
Пагадненне стала чарговым сігналам сур’ёзнага геапалітычнага развароту Арменіі, яе адыходу ад Масквы.