Амерыканская баскетбалістка з мінскага клуба «Гарызонт» трапіла ў расійскі вышук
2- 26.05.2026, 18:33
- 1,094
У 2024 годзе яна выйграла Кубак Беларусі ў складзе мінскага клуба.
У базу вышуку МУС Расіі дадалі амерыканскую баскетбалістку Доніку Косбі, якая ў складзе мінскага клуба «Гарызонт» выйграла Кубак Беларусі за 2024 год. Яе імя ў базе з'явілася на пачатку красавіка 2026 года, заўважыла «Медыязона».
У картцы не пазначана, паводле якога артыкула і ў якой краіне — у Беларусі ці Расіі — супраць спартсменкі ўзбуджана крымінальная справа.
Сама Косбі пра сваю крымінальную справу даведалася ад журналістаў. У 2025 годзе яна завяршыла гульнявую кар'еру і цяпер працуе памочніцай галоўнага трэнера жаночай баскетбольнай каманды ў кам'юніці-каледжы Місісіпі Галф-Кост.
Яна скардзіцца на складанасці пры перасячэнні мяжы падчас паездак у Беларусь. Паводле слоў Косбі, да яе ставіліся як да злачынніцы. Напрыклад, пры вяртанні ў Беларусь пасля адпачынку на Каляды ў 2024 годзе ў яе забралі заплечнік «для нейкіх тэстаў ці нешта такое».
«Поўная лухта, калі шчыра, з-за таго, што я амерыканка, якая пастаянна выязджала і вярталася... Хацелі [знайсці] наркотыкі, але ў мяне, вядома, нічога не было, інакш я б цяпер была ў турме», — успамінае амерыканка.
У Беларусь яе пусцілі, але праз тры тыдні выклікалі на допыт: «Мяне пыталіся, дзе я бывала, з кім, чаму выязджала і вярталася столькі разоў». Пасля гэтага спартыўны агент дзяўчыны вырашыў, што заставацца ў Беларусі для яе стала небяспечна, — і яна пакінула краіну. Кантракт з «Гарызонтам» быў скасаваны па ўзаемнай згодзе бакоў праз некалькі тыдняў, у лютым 2025 года.
Чаму супраць яе завялі крымінальную справу, Косбі не ведае, але кажа, што цяпер і не падумае ехаць у Беларусь ці Расію.