The Atlantic: Узброеныя сілы Украіны рассеялі галоўны міф Крамля
- 25.05.2026, 12:00
- 3,110
Сітуацыя змяняецца.
Масіраваныя ўкраінскія ўдары па Маскве сталі сур’ёзным ударам не толькі па расейскай сістэме СПА, але і па палітычным наратыве Крамля. На думку заходніх аналітыкаў, Уладзімір Пуцін больш не можа пераконваць расейцаў, што вайна — гэта «спецаперацыя» недзе далёка, піша The Atlantic (пераклад — сайт Charter97.org).
Нягледзячы на шматгадовыя спробы агарадзіць Маскву ад наступстваў вайны, сітуацыя змяняецца. Парад 9 мая сёлета быў прыкметна сціплейшы за звычайны — расейскія ўлады баяліся атак украінскіх дронаў. А ўжо праз некалькі дзён Украіна нанесла маштабны ўдар па расейскай сталіцы з выкарыстаннем беспілотнікаў і крылатых ракет.
Украінскія атакі закранулі аб’екты інфраструктуры, нафтавыя магутнасці і прадпрыемствы, звязаныя з электронікай. На пэўны час нават прыпыняў працу галоўны аэрапорт Масквы.
Эксперты лічаць, што гэта дэманструе сур’ёзныя праблемы расейскай сістэмы супрацьпаветранай абароны. А галоўнае — руйнуецца створаны Крамлём вобраз вайны, якая нібыта амаль не ўплывае на жыццё буйных расейскіх гарадоў.
Сітуацыя падобная да пераломных момантаў Другой сусветнай вайны, калі ўлады Японіі ўжо не маглі хаваць пагаршэнне становішча краіны пасля амерыканскіх удараў.
Пры гэтым аналітыкі падкрэсліваюць, што гаворка не ідзе пра хуткую паразу Расеі. Масква працягвае наносіць удары па ўкраінскіх гарадах і захоўвае значныя ваенныя рэсурсы. Аднак, на іх думку, Украіна ўсё часцей перахоплівае ініцыятыву і дэманструе здольнасць наносіць балючыя ўдары па Расеі.
Чым мацней гэта будуць разумець расейцы, тым складаней стане становішча Крамля.