Новым кіраўніком Нацразведкі ЗША стане ветаран з ЦРУ
1- 22.05.2026, 22:54
Фота: AP
Тулсі Габард пакіне пасаду 30 чэрвеня.
Першы намеснік дырэктара Нацыянальнай разведкі ЗША Аарон Лукас стане часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка ведамства, паведаміў прэзідэнт Дональд Трамп у сацсетцы Truth Social.
Трамп адзначыў, што цяперашняя кіраўніца Нацразведкі Тулсі Габард пакіне пасаду 30 чэрвеня. У яе мужа дыягнаставалі рэдкую форму раку костак, і яна вырашыла падаць у адстаўку, патлумачыў прэзідэнт.
Раней сёння Дональд Трамп прыняў Тулсі Габард у Авальным кабінеце. Падчас сустрэчы яна падала заяву аб адстаўцы. Паводле звестак крыніцы агенцтва Reuters, знаёмай з сітуацыяй, адміністрацыя прэзідэнта прымусіла Габард сысці ў адстаўку.
Тулсі Габард узначаліла Нацразведку ў лютым 2025 года. Аарон Лукас стаў першым намеснікам кіраўніка Нацразведкі ў ліпені таго ж года. Яму — 55 гадоў. Больш за 20 гадоў ён працаваў у ЦРУ: пачынаў як аналітык, потым стаў афіцэрам таемных аперацый, даслужыўся да начальніка станцыі за мяжой (кіраваў аперацыямі ў краіне знаходжання).