Зяленскі: Лукашэнка павінен «быць у тонусе» ў выпадку агрэсіі
12- 21.05.2026, 21:42
- 9,534
Прэзідэнт Украіны ў Славуцічы заявіў аб дадатковым узмацненні мяжы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра ўзмацненне аховы мяжы на поўначы Украіны з-за пагроз з Бранскай вобласці РФ і Беларусі.
Пра гэта ён сказаў у чацвер, 21 мая, знаходзячыся ў горадзе Славуцічы.
Па яго словах, сёння ён сустрэўся з кіраўнікамі грамад Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей. Прэзідэнт дадаў, што галоўная задача — падтрымка мясцовага насельніцтва і ўмацаванне абароны.
«Гэта таксама датычыць абаронных збудаванняў — фартыфікацый і іншага; будзе дадатковае ўзмацненне мяжы, а таксама нашы Сілы абароны і бяспекі, якія ёсць менавіта на гэтым напрамку — на Чарнігаў і Кіеў з тэрыторыі суседзяў у Беларусі, якіх Расія вельмі хоча ўцягнуць у гэтую вайну яшчэ больш, і з Бранскай вобласці», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Украіна мае дастаткова магчымасцяў для ўзмацнення абароны і прэвентыўных мераў у дачыненні да магчымых пагроз з тэрыторый Расіі і Беларусі.
«…кіраўніцтва Беларусі павінна быць у тонусе, то бок рэальна адчуваць, што наступствы будуць, калі будуць агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны, супраць нашых людзей. Мы памятаем, што ў 22-м годзе наступ быў і з тэрыторыі Беларусі таксама. Мы гэтага не забудзем. Украінскія Сілы абароны, сілы бяспекі, нашы разведкі ведаюць, якія пагрозы і як адказваць, адказваць справядліва, безумоўна», — дадаў Зяленскі.
Раней дыктатар Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь можа быць уцягнутая ў вайну «толькі калі на нашу тэрыторыю будзе здзейсненая агрэсія».