21 траўня 2026, Чацвер, 23:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка не выключыў уступлення Беларусі ў вайну супраць Украіны

44
Лукашэнка не выключыў уступлення Беларусі ў вайну супраць Украіны

Дыктатар заявіў пра падрыхтоўку рэжыму да вайны «па поўнай праграме».

Беларусь можа ўступіць у вайну супраць Украіны, але толькі ў адным выпадку — калі ў дачыненні да рэспублікі будзе «здзейсненая агрэсія». Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка, каментуючы папярэджанні Кіева аб магчымым уцягванні РБ у баявыя дзеянні. «Будзе ўцягнутая толькі ў адным выпадку — калі на нашу тэрыторыю будзе здзейсненая агрэсія. І тут ужо… мы будзем разам абараняць нашу Айчыну ад Брэста да Уладзівастока», — сказаў Лукашэнка (цытата паводле БелТА). Пры гэтым ён дадаў, што ўцягвацца ў вайну Мінск «не збіраецца», бо ў гэтым «няма ніякай неабходнасці — ні грамадзянскай, ні вайсковай».

«На ўсякі выпадак мы рыхтуемся па поўнай праграме. А ўжо будзе вайна ці не — гэта не ад нас залежыць», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама выказаў гатоўнасць сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім «у любой кропцы Украіны або Беларусі», каб абмеркаваць праблемы двухбаковых адносін і перспектывы. «Калі ён (Зяленскі. — Заўв.) хоча пра нешта пагаварыць, параіцца ці яшчэ што-небудзь, калі ласка, мы адкрытыя для гэтага. У любой кропцы — Украіны, Беларусі — я гатовы з ім сустрэцца і абмеркаваць праблемы беларуска-ўкраінскіх адносін. І, можа, пагаварыць пра перспектывы. Чамусьці з амерыканцамі, немцамі, палякамі, літоўцамі і латышамі ў нас ёсць пра што размаўляць, а з Украінай — няма пра што», — заявіў Лукашэнка.

Напярэдадні прэзідэнт Украіны папярэдзіў, што расійскія войскі могуць рыхтаваць наступ з боку Беларусі або Бранскай вобласці, каб паўтарыць спробу захопу Кіева. Зяленскі абвясціў пра ўзмацненне Чарнігаўска-Кіеўскага напрамку і паведаміў, што Кіеў рыхтуе адказы на магчымыя сцэнарыі, уключаючы пашырэнне геаграфіі далёкабойных удараў.

15 мая па выніках нарады з кіраўнікамі разведкі і Генштабу Зяленскі заяўляў, што Расія прадпрымае новыя намаганні, каб мацней уцягнуць Беларусь у баявыя дзеянні. Ён дадаў, што, паводле даных украінскіх спецслужбаў, фіксуюцца дадатковыя кантакты паміж Крамлём і Лукашэнкам, мэта якіх — пераканаць Мінск далучыцца да новых агрэсіўных аперацый. «Расія разглядае планы аперацый у паўднёвым і паўночным напрамках ад тэрыторыі Беларусі — або супраць Чарнігаўска-Кіеўскага напрамку ва Украіне, або супраць адной з краін НАТА», — удакладніў прэзідэнт Украіны. Ён папярэдзіў, што Украіна будзе абараняць сябе, калі Лукашэнка «аступіцца і вырашыць падтрымаць яшчэ і гэты расійскі намер».

У красавіку Зяленскі са спасылкай на даныя разведкі Украіны казаў, што Мінск ужо развівае дарогі да ўкраінскай тэрыторыі і абсталёўвае артылерыйскія пазіцыі. Раней Зяленскі паведамляў пра планы РФ стварыць у Беларусі базы для кіравання далёкабойнымі дронамі, а прадстаўнік Паветраных сіл ЗСУ Юрый Ігнат заяўляў, што расіяне выкарыстоўваюць беларускую паветраную прастору для пралёту ўдарных беспілотнікаў.

Сам Лукашэнка ў пачатку красавіка на нарадзе па выніках комплекснай праверкі Узброеных Сіл Беларусі заявіў, што краіна «рыхтуецца да вайны», а «ніякага мірнага часу быць не можа». Пры гэтым ён указваў на «сур'ёзную геапалітычную абстаноўку і пагрозы ў непасрэднай блізкасці да беларускіх межаў».

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках