21 траўня 2026, Чацвер, 23:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрадэпутаты заклікалі рэжым Лукашэнкі вызваліць усіх палітычных зняволеных

2
Еўрадэпутаты заклікалі рэжым Лукашэнкі вызваліць усіх палітычных зняволеных

Еўрапарламент захапляецца мужнасцю і стойкасцю беларускай грамадзянскай супольнасці.

Кіраўніца Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Малгажата Госеўска, яе намеснікі Томас Тобэ і Міхал Кабоска, а таксама пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Гельмут Брандштэтэр выступілі з супольнай заявай з нагоды Дня салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Сайт Charter97.org падае заяву цалкам:

— У Дзень салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі мы аддаём даніну памяці ўсім, хто пацярпеў ад пераследу, страціў свабоду і загінуў у выніку дзеянняў беларускіх уладаў. Гэтая дата звязаная з імем Вітольда Ашурка, які памёр у зняволенні 21 мая 2021 года. З 2020 года, пасля ўзмацнення рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі супраць палітычных апанентаў і інакшдумцаў, у беларускіх турмах, прынамсі, загінулі дзевяць палітычных зняволеных.

Сёння мы выказваем салідарнасць з палітычнымі зняволенымі і з усімі, хто падвяргаецца палітычна матываванаму пераследу і застаецца за кратамі ў Беларусі. Хаця нядаўняе вызваленне часткі затрыманых стала станоўчым і даўно чаканым крокам, які прынёс палёгку многім сем’ям, яно не сведчыць пра сістэмныя змены рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму. Палітычна матываваныя затрыманні, судовы пераслед і прысуды працягваюцца штодня.

Мы зноў пацвярджаем заклік Еўрапейскага парламента да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, якіх утрымлівае рэжым Беларусі, а таксама да спынення незаконнай і недапушчальнай практыкі прымусовага выдварэння палітычных зняволеных і былых затрыманых з уласнай краіны. Кожны грамадзянін Беларусі павінен мець гарантыю абароны свайго права жыць у свабодзе і бяспецы на сваёй радзіме.

Мы таксама заклікаем да спынення ўсіх палітычна матываваных крымінальных спраў і да поўнай амністыі ўсіх асуджаных на такой падставе, уключаючы гарантыі бяспечнага і годнага вяртання тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну. Любая дзейнасць уладаў павінна грунтавацца на сапраўднай павазе да правоў чалавека, дэмакратычных свабод і прынцыпу вяршэнства права, а таксама на гатоўнасці да змястоўнага дыялогу з незалежнымі дэмакратычнымі сіламі і падтрымцы працэсу дэмакратычнага пераходу ў Беларусі.

Гэты дзень таксама служыць напамінам пра былых палітычных зняволеных і іх гісторыі, якія нельга забываць або замоўчваць. У красавіку 2026 года Анджэй Пачобут, журналіст, прадстаўнік польскай меншасці ў Беларусі і лаўрэат прэміі Сахарава 2025 года, быў вызвалены з папраўчай калоніі. Яго сведчанні, як і многіх іншых былых палітвязняў, раскрываюць нялюдскія ўмовы і сістэматычнае жорсткае абыходжанне ў месцах пазбаўлення волі пры рэжыме Лукашэнкі, у тым ліку пабоі, прыніжэнні, доўгатэрміновую ізаляцыю, псіхалагічны ціск і адмову ў медыцынскай дапамозе.

Мы рашуча асуджаем гэтыя дзеянні і заклікаем рэжым Лукашэнкі неадкладна спыніць такую практыку. Мы заклікаем працягваць і ўзмацняць міжнародны ціск да таго часу, пакуль не будзе дасягнута поўнае і безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і не будзе пакладзены канец усім формам палітычных рэпрэсій.

У гэты Дзень салідарнасці з палітычнымі зняволенымі мы таксама заклікаем да поўнага аднаўлення правоў усіх былых вязняў сумлення і выказваем надзею, што тыя, хто быў вымушаны пакінуць краіну, калі-небудзь змогуць бяспечна вярнуцца ў свабодную і дэмакратычную Беларусь. Мы падкрэсліваем неад’емнае права беларускага народа жыць на сваёй зямлі ў свабодзе, самастойна вызначаць сваю будучыню дэмакратычным шляхам і ўдзельнічаць у развіцці дзяржавы, заснаванай на свабодзе, палітычным плюралізме, справядлівасці і павазе да чалавечай годнасці.

Дэмакратычная і незалежная Беларусь, за якую ў 2020 годзе выступілі смелыя беларусы і за якую многія працягваюць цярпець, застаецца ключавой умовай доўгатэрміновай стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне і ва ўсёй Еўропе.

Таксама еўрадэпутаты адзначылі мужнасць, стойкасць і непахісную адданасць беларускай грамадзянскай супольнасці.

— Нягледзячы на пастаянныя аўтарытарныя рэпрэсіі і няспынныя спробы запалохвання, мноства людзей і арганізацый працягваюць супраціўляцца несправядлівасці і адстойваць каштоўнасці свабоды і чалавечай годнасці.

У прыватнасці, мы выказваем глыбокую ўдзячнасць праваабарончаму цэнтру «Вясна» за яго нязломную, нястомную працу па падтрымцы палітычных зняволеных і іх сем’яў. Заснаваная 30 гадоў таму Алесем Бяляцкім, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру і былым вязнем сумлення, арганізацыя стала сімвалам стойкасці і надзеі. «Вясна» ўвасабляе надзею на тое, што, нягледзячы на сістэмныя рэпрэсіі і палітычны ціск, дэмакратычныя змены застаюцца магчымымі, а лепшая будучыня для Беларусі ўрэшце пераможа.

Мы выказваем глыбокую падзяку Злучаным Штатам за намаганні, якія садзейнічалі вызваленню значнай колькасці палітычных зняволеных. У той жа час мы падкрэсліваем, што міжнародны ціск на рэжым Лукашэнкі павінен захоўвацца і ўзмацняцца да поўнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі і ўстанаўлення поўнага мараторыю на палітычныя рэпрэсіі.

Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках