У расійскай Разані пачаліся скаргі на дэфіцыт бензіну пасля спынення працы НПЗ
8- 21.05.2026, 14:19
- 3,498
Завод не працуе з 15 мая пасля атакі ўкраінскіх БПЛА.
Жыхары расійскай Разані пачалі скардзіцца на адсутнасць бензіну марак АІ-92 і АІ-95 на аўтазапраўках, паведамляе The Moscow Times.
Пра гэта яны пішуць на старонцы губернатара Разанскай вобласці Паўла Малкова у «ВКонтакте», звярнула ўвагу выданне «Гаворыць НеМасква». «Хтосьці ведае, дзе сёння можна заліць 95-ы бензін? Прыехалі на «СпецНефть» на Кудраўцава — няма ніякага, акрамя 100-га. Запраўшчык сказаў, што з сённяшняга дня мараторый. «Полный бак» на Спартыўнай — проста няма 95-га. Куды падацца, ёсць якая-небудзь інфа», — напісала разанка ў сацсетцы.
Адзін з мясцовых жыхароў пацвердзіў журналістам, што ў горадзе назіраюцца праблемы з бензінам. «Перад працай праехаў тры запраўкі ў Кастрычніцкім раёне, не знайшоў 95-га. Пры гэтым запраўшчык у «Полным баке» сказаў, што пільгі па зніжкавай карце цяпер не дзейнічаюць. За мной пад’ехаў вадзіцель і сказаў, што і 92-га няма на многіх запраўках», — расказаў мужчына.
Афіцыйна ўлады сітуацыю пакуль не каментавалі. Дэфіцыту бензіну на запраўках папярэднічала атака ўкраінскіх беспілотнікаў на Разанскі нафтаперапрацоўчы завод (НПЗ) кампаніі «Роснефть». Паводле звестак крыніц Reuters, праз пашкоджанне інфраструктуры прадпрыемства з 15 мая спыніла працу і будзе стаяць «папярэдне да канца чэрвеня».
У выніку ўкраінскіх атак за апошнія два тыдні істотна знізілі перапрацоўку сыравіны або цалкам спынілі працу ўсе буйныя НПЗ у цэнтральнай Расіі, адзначае Reuters. Акрамя Разанскага НПЗ, атакам падвергліся заводы ў Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і Кірышах. Поўнасцю спыніліся Маскоўскі НПЗ і «Кірышынафтааргсінтэз» («Кінеф»), а «Яраслаўнафтааргсінтэз» (ЯНОС) працуе на чвэрць ад намінальнай магутнасці. Ці ўдалося «Ніжагароднафтааргсінтэзу» (НОРСИ) захаваць працаздольнасць, усталяваць пакуль не ўдалося.
Сумарная магутнасць НПЗ, што поўнасцю або часткова спыніліся, перавышае 83 млн тон у год (238 тыс. тон у суткі) — каля чвэрці ад расійскай. Разам яны выпускалі звыш 30% усяго аўтабензіну ў Расіі і каля 25% дызельнага паліва, вынікае з падлікаў агенцтва. Шэраг іншых расійскіх НПЗ, якія маглі б кампенсаваць выпадаючыя аб’ёмы вытворчасці нафтапрадуктаў на пашкоджаных заводах у цэнтральнай частцы краіны, таксама падвергліся атакам і спыненыя або працуюць не на поўную магутнасць.
У прыватнасці, цяпер прастойваюць НПЗ «Пермнафтааргсінтэз» (13 млн тон у год) і Астраханскі ГПЗ (3 млн тон газавага кандэнсату), а Навакуйбышаўскі НПЗ (8 млн тон у год) працуе прыблізна на чвэрць магутнасці.