«Рубіо можа адыграць ключавую ролю»
5- 21.05.2026, 18:51
- 9,564
ЗША рыхтуюць змену рэжыму на Кубе?
Авіяносная ўдарная група Узброеных Сіл ЗША Nimitz, у якую ўваходзіць аднайменны авіяносец, прыбыла ў Карыбскае мора.
Ці можа Дональд Трамп пераключыцца з Ірана на Кубу? Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў са славацкім палітолагам і прэзідэнтам Інстытута грамадскіх праблем (IVO, Браціслава) Грыгорыем Месежнікавым:
— Калі казаць пра тое, ці пачне Трамп якую-небудзь сур'ёзную ваенна-палітычную акцыю, то мне здаецца, што пакуль ён не разабраўся з Іранам, наўрад ці можна чакаць паўтору такога канфлікту, які цяпер разгортваецца на Блізкім Усходзе, у іншым рэгіёне свету
Калі яму ўдасца нейкім чынам гэты канфлікт скончыць, прычым з заявай, што ЗША перамаглі, нельга выключаць працягу моцнага ціску на Кубу. Вашынгтон і цяпер пасылае сігналы кубінскаму рэжыму пра тое, што яму трэба прыстасавацца да новых геапалітычных рэалій у Заходнім паўшар'і, бо там цяпер дзейнічае «Дактрына Манро». ЗША лічаць сябе гегемонам ва ўсім паўшар'і.
Трамп прасоўвае ўяўленне пра тое, што ўсе тамтэйшыя рэжымы павінны супрацоўнічаць з ЗША. Венесуэла ўжо выпала з «восі зла», хаця змена рэжыму не адбылася, але працэс працягваецца. Што да канфлікту ў Іране, то пазіцыі абедзвюх краін абсалютна несумяшчальныя, і не выключана, што ваенныя дзеянні будуць працягвацца. Зразумела, што калі ваенныя дзеянні будуць працягвацца, наўрад ці Трамп адважыцца на радыкальныя (у тым ліку ваенныя) дзеянні супраць Кубы.
Дадам, што ў адміністрацыі Трампа ёсць сілы, якія хацелі б змены рэжыму на Кубе. Перш за ўсё гэта Марка Рубіо і людзі ў кубінскай дыяспары. Яны будуць імкнуцца, каб Куба заставалася на радарах амерыканскай знешняй палітыкі, каб увага ад яе не адцягвалася на нешта менш значнае. Але тут усё завязана на тым, якім чынам удасца завяршыць іранскі канфлікт.
— У адрас былога лідара Кубы Рауля Кастра і іншых асоб вылучылі абвінавачанні ў змове з мэтай забойства амерыканцаў у 1996 годзе. Ці можа яго чакаць лёс Мадура, які таксама быў абвінавачаны судом у Нью-Ёрку і быў арыштаваны амерыканцамі?
— Гэта можа служыць ідэалагічнай падмогай, маўляў, «бачыце, не толькі падтрымліваная Іранам «Хезбала» забівае амерыканцаў, але яшчэ і кубінскі ўрад, які, па сутнасці, з'яўляецца працягам тадышняга рэжыму, што забіваў амерыканцаў».
Малаверагодна, што Трамп скарыстаецца гэтай падставай непасрэдна для ваеннага ўварвання. Але тое, што гэта праява ціску на Кубу, — абсалютна відавочна.
Падкрэслю яшчэ раз: у гэтай амерыканскай адміністрацыі ёсць салідныя, рэлевантныя палітычныя сілы, якія хацелі б змяніць рэжым на Кубе. То-бок не проста дамовіцца з тымі, хто цяпер кіруе гэтай краінай, як у выпадку з Венесуэлай, а менавіта памяняць рэжым.
— Ці ёсць шанец на дэмакратычныя пераўтварэнні ў Гаване?
— Мне цяжка гэта ацэньваць, бо Трамп не нацэлены на змену рэжыму ў тым сэнсе, пра які мы часта гаворым, — што павінны быць дэмакратыя, свабода, правы чалавека. Тым не менш любое аслабленне або ліквідацыя цяперашняга рэжыму будзе мець у гэтым плане станоўчае значэнне. Рэпрэсіі спыняцца, пачне наладжвацца эканоміка, якая цяпер знаходзіцца ў абсалютным заняпадзе.
Гэта краіна ўжо цяпер стаіць над прорвай. Калі пачнуцца нейкія пераўтварэнні, дык, відаць, амерыканцы будуць шукаць там сілы, якія змогуць скамбінаваць дэмакратычныя імкненні і адначасова праамерыканскую знешнюю палітыку.
Упэўнены, што, паколькі Марка Рубіо — чалавек добра інфармаваны, ён знойдзе такія сілы.