2 траўня 2026, Субота, 15:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Смяшна, але бульбы няма

1
Смяшна, але бульбы няма

Беларускія айцішнікі распавялі, што яны робяць на дачах і балконах і колькі гэта каштуе.

У красавіку кожны нармальны беларус (ладна, не кожны) пачынае думаць пра пасадку бульбы (ладна, хаця б рэдзькі). Сярод айцішнікаў такое таксама здараецца — не важна, жыве ён дома ці на чужыне.

Сайт devby.io знайшоў такіх агароднікаў у Беларусі і Польшчы і распытаў, як яны прыраслі зямлёй (ці толькі збіраюцца) і навошта гэта ім у XXI стагоддзі. Спойлер: апроч іншага, яны там трэніруюцца ў хардвары і пілуюць pet-праекты.

«Наладзіў паліў паводле таймера — уратавала ўраджай, пакуль ездзілі ў адпачынак»

Айцішнік і дачнік, кайфуе ад працы з сантэхнікай і электрыкай, змайстраваў на дачы пад Мінскам сістэму разумнага паліву

— Калісьці я быў яркім праціўнікам дачы. Мне што, больш няма чым заняцца? Вакол столькі цікавага: падарожжы, вяроўкі, спаборніцтвы, байдаркі, спелеалогія, веласіпеды! Але з’яўленне дзяцей рэзка скараціла магчымасці для хобі. А потым мама маёй жонкі купіла дачу за 25 км ад МКАД (доўга маніторылі і шмат ездзілі, у выніку дасталіся дом з пэўнымі праблемамі, але месца вельмі добрае, цану не скажу — нядорага).

І я знайшоў у гэтым некаторыя плюсы. Навошта патрэбна дача?

Сваечасовыя гародніна, ягады і садавіна для дзяцей. Нібыта экалагічна чыстыя прадукты з умоўна фермерскага рынку каштуюць утрох даражэй, але цана не дае гарантыі чысціні. А тут самі вырасцілі і дакладна ведаем, што ніякай хіміяй агарод не паліваўся.

Прырода. СВежае паветра. Для ўсёй сям’і. Прыехалі — мангал распалілі, печ у доме затапілі… Не трэба шукаць і плаціць за начлег, баяцца, што насяджанае месца зоймуць.

Асабістае хобі. Тут можна нешта зрабіць рукамі. Я, напрыклад, разбіраюся ў аўтаматызацыі. Таму змайстраваў сістэму разумнага паліву і інтэграваў у яе «жалеза» (датчыкі тэмпературы, вільготнасці глебы і паветра, кіраванне клапанам паліву) + ШІ-генерацыю раскладу паліву з улікам прагнозу надвор’я.

Летась наладзіў паліў проста паводле таймера (Wi‑Fi‑рэле Tuya на 4 каналы), і гэта ўратавала ўраджай, пакуль мы былі ў водпуску. Далей, мабыць, зроблю групаванне па каналах для розных культур. Трэба будзе зрабіць запыт да ШІ, каб ён генераваў рэжым паліву ўмоўна для «цяпліцы 1, дзе растуць такія-то культуры», «цяпліцы 2» і яшчэ пары каналаў для культур на адкрытым паветры.

Па сутнасці, гэта pet-праект, які з часам можна будзе выпусціць у прод для больш шырокай аўдыторыі.

Што расце на дачы? Агуркі, памідоры, гарох, клубніцы, суніцы, галубіка, парэчка, пладовыя дрэвы, кабачкі (куды ж без іх). Смяшна, але бульбы няма. І наогул ад агарода я далёкі — там жанчыны ўсім кіруюць. Магу хіба што нешта цяжкое падаць — прынесці — не замінаць, а ў астатнім лепш буду займацца сваёй тэхнікай (+электрыка, сантэхніка, інтэрнэт), і хай туды ніхто не лезе.

Можна доўга спрачацца, параўноўваць кошт дачы і яе абслугоўвання з коштам опцыі «мы кожныя выходныя дзесьці выязджаем і не парымся з домам, участкам і градкамі». Але эканоміку дачнага праекта мы нават не лічым. Зразумела, што калі параўноўваць ураджай з цаной крамных (ды нават фермерскіх!) прадуктаў, баланс стоадсоткава не сыдзецца.

Тым больш што самага каштоўнага — часу — на дачу таксама ідзе шмат: у сезон па 10–16 гадзін на тыдзень. Плюс мой pet-праект займае прамежкі паміж асноўнай працай, выхаваннем і гурткамі дзяцей. Складана балансіраваць паміж працай, побытам, дзецьмі, хобі і паездкамі. І так, гэта адпускныя паездкі замінаюць маім хобі.

Але як палічыць у грошах той дзэн, калі дзеці пайшлі і самі нарвалі агуркоў з градкі? Уласна, дзеля гэтага ўвесь агарод і задумаўся.

Парады для тых, хто цяпер падбірае сабе дачку:

Дом лепш аглядаць са спецыялістам. Ён зможа ацаніць фундамент, пабудову, стан драўляных канструкцый, печы, электрыкі (наяўнасць або адсутнасць зазямлення — гэта электрабяспека), сантэхнікі, прычэпіцца да кожнай трэшчынкі, пакажа на верагодныя хібы.

Нават калі дом з праблемамі, іх звычайна можна вырашыць. А вось перанесці ўчастак не атрымаецца. Таму звяртайце ўвагу на суседзяў, у тым ліку на дальніх. Па магчымасці пагутарыце з імі. Суседскія войны на дачах — лютае зло.

Трохфазнае электразабеспячэнне лепшае. Напрыклад, каб паставіць бойлер або зарадку для электрамабіля.

Інтэрнэт. Нават калі не плануеце працаваць дыстанцыйна, добра, калі сувязь ёсць (мне давялося мудрыць роутар з невялікай антэнай).

Паглядзіце, ці не перакасіўся ганак. У гэтым месцы, верагодна, размыла глебу. Значыць, там магчымыя праблемы: напрыклад, цечы каналізацыі.

«Расліны дапамагаюць укарэніцца ў новай прасторы»

КІРА, айцішніца ў эміграцыі; марыць пра сваю кватэру з агародзікам у Польшчы, а пакуль гадуе гародніну і зеляніву ў гаршках для кветак

— У маіх бацькоў была дача, яшчэ ў бабулі ў вёсцы быў агарод, таму праца на зямлі для мяне заўсёды была звыклай. Але не скажу, што яна мне падабалася, — проста быў абавязак дапамагаць бацькам.

А вось калі некалькі гадоў таму я пераехала ў Польшчу, у мяне з’явілася ўласная патрэба капацца ў зямлі. На жаль, цяпер у мяне няма дачы, але я планую куплю кватэры і разглядаю варыянт толькі з агародзікам, на першым паверсе. А пакуль у мяне агарод на балконе — у скрыначках для кветак.

Цяпер у мяне там дзве бульбіны, дзве скрыначкі салодкага гарошку, скрыначка з цыбуляй і дзве скрыначкі з зелянівай. Цікава, як пойдзе базілік. Яшчэ ў маі планую пасадзіць дзве стручковыя фасолі.

Бульба для мяне свайго кшталту спадчыннае захапленне. Бацькі звычайна эксперыментуюць з рознымі сортамі, ну і я пасадзіла не проста клубні з «Biedronka», а канарскую. Улетку прывезла з адпачынку пакет бульбы, яна дажыла да вясны, і вось я яе закапала. Усё ж такі я беларуска!

А летась у мяне былі памідоры чэры і агуркі. Прычым чэры было столькі, што летам я іх наогул не купляла. Зеляніву ў краме таксама не бяру — хапае сваёй. У планах паспрабаваць вырасціць лаўровы ліст — як балконна-пакаёвую расліна.

Яшчэ ў мяне быў фінік, але ён не перажыў гэтую зіму, а вось інжыр перажыў, і хутка ён адправіцца жыць з пакоя на балкон. Не ўпэўненая, што з яго будзе толк як з ежы, проста мне гэтая расліна падабаецца і было цікава вырасціць яе з насення. Я не профі, мне проста па фану.

Палякі любяць кветкі на балконе, але мне не надта цікава купляць гатовыя расліны — я люблю назіраць, як з насення прабіваецца жыццё. А душысты гэта гарошак ці зялёны салодкі — якая розніца. Вось такія ў мяне кветачкі, ядомыя.

Эканамічнага або гастранамічнага сэнсу ў маім агародніцтве, вядома, няма, расліны для мяне — гэта рэлакс: валтузня з імі супакойвае і зазямляе, дае адпачынак галаве.

Мы абмяркоўвалі гэта з маёй псіхолагіняй, яна кажа, што земляробства — даволі частая гісторыя ў эмігрантаў, бо гэта сапраўды добры антыстрэс, а яшчэ яно дапамагае ў літаральным сэнсе ўкарэніцца ў новай прасторы.

Чаму я шукаю кватэру з агародзікам, а не прыватны дом? Таму што дом я проста не пацягну, за ім трэба сачыць, гэта вялікая адказнасць і выдаткі. А вось кватэра з агародзікам — вельмі зручна: ты тут жа жывеш і паціху капаешся, не разводзячы суперплантацыі. Але гэта я цяпер так лічу — паглядзім, як зменіцца маё меркаванне праз дзесяць гадоў.

Дарэчы, я разважаю таксама пра бонсаі з гранатавага дрэва. Але, на жаль або на шчасце, на ўсе мае ідэі не стае ні часу, ні месца.

«Працы няшмат, а ежы без пестыцыдаў на ўвесь сезон»

ЯЎГЕН, менеджар у ІТ, пасля пакупкі загараднога дома ўзвёў у двары цяпліцу

— У нас агарод у выглядзе цяпліцы плюс пладовыя дрэвы. Цяпліца звычайная полікарбанатная, купіў і паставіў яе на наступны год пасля пакупкі загараднога дома. У 40 цягне да зямлі.

У дзяцінстве я дапамагаў паліваць таматы і перцы ў бацькоўскай цяпліцы — магчыма, таму вырашыў аднавіць гэты досвед, а заадно паказаць дзецям, як што расце. Напэўна, дзеці і былі максімальным стымулам: хацелася паўтарыць для іх сваё дачнае дзяцінства, калі раніцай прачынаешся і бяжыш шукаць на градцы спелую сакавітую клубніцу.

Таму ў розныя гады вырошчвалі ўсяго паціху: клубніцы, галубіку, парэчку, чорную смародзіну, агрэст, ажыну, маліну і нават, чыста ў адукацыйных мэтах, некалькі кустоў бульбы, цыбулю, моркву і цукровую кукурузу.

Цяпер з усяго гэтага разнастайця засталіся толькі кусты з ягадамі, за якімі не трэба асабліва даглядаць, і цяпліца.

Цяпліца аўтаматызаваная, памерам 3×6 метраў. Людзі, якія яе прадавалі (каля 1000 рублёў шэсць гадоў таму), самі яе і змынтавалі.

Дадаткова давялося набываць трубкі для аўтапаліву, электронны таймер паліву, датчык тэмпературы, тэрмапрывады фортак, вентылятар (спачатку было шмат фортак, але з вентылятарам і ўсяго двума форткамі вясной менш страт цяпла і больш эфектыўнае астуджэнне), керамічны ІЧ-награвальнік, плодародную глебу, металічныя высокія градкі, сетку для агуркоў, сетку ад кротаў пад градкі, праводку, разеткі. Думаю, у выніку выдаткі перавалілі за $1,5–2 тыс., але для летняга хобі гэта няшмат, тым больш што яны былі аднаразовымі.

Электраэнергіі я трачу ўсё меней, бо ўжо не імкнуся, як у першыя гады, атрымаць вельмі ранні ўраджай. Апярэдзіць надвор’е на дзве тыдні абыдзецца ў некалькі сотняў долараў. Таму цяпер электрычнасць расходую толькі ў самыя спякотныя дні (для вентылятара) і пры замаразках (як экстранны абагрэў). За сезон сыходзіць не больш за $100.

Я працую дыстанцыйна, таму магу надаваць час раслінам. Але нават калі б і не — шмат увагі цяпліца не патрабуе, яна цалкам аўтаматызаваная: аўтапаліў, аўтаправетрыванне, ацяпленне для ранняга ўраджаю.

Вядома, у цяпліцу ўкладзена больш, чым каштуюць памідоры, але сарты, якія я вырошчваю, проста так на Камароўцы не купіш. Гэта вялізныя салодкія біф-памідоры, што даспелі прама на галіне, розныя чэры — рознакаляровыя і салодкія, як цукеркі, суперсучасныя гібрыды, выведзеныя зусім нядаўна. Усё гэта сарты «цалкам процілеглыя» крамным бязгустоўным тыпу LSL (Long Shelf Life). Ураджай памідораў цягнецца з ліпеня па, напэўна, лістапад.

Дзякуючы аўтаматызацыі працы няшмат, а ежы — сваёй, смачнай, арганічнай, без пестыцыдаў — на ўвесь сезон. Дык чаму б і не?

У планах замяніць полікарбанатную цяпліцу вялікай англійскай, каб вырошчваць і іншыя цікавыя культуры, напрыклад інжыр і хурму. І наогул, каб было больш месца. А то цяпер усё зарастае так, што ў канцы лета праз зарасці складана прабрацца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках