2 траўня 2026, Субота, 15:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы чакалі гэтага пяць гадоў — і нарэшце атрымалася»

«Мы чакалі гэтага пяць гадоў — і нарэшце атрымалася»

Польскі журналіст распавёў, як сустракаў Анджэя Пачобута пасля вызвалення

Вызваленне палітвязня, журналіста Анджэя Пачобута, да апошняга заставалася пад пытаннем — упэўненасці, што ўсё адбудзецца, не было нават у тых, хто яго сустракаў. Пра гэта ў эфіры «Раніца з Белсатам» распавёў намеснік галоўнага рэдактара Gazeta Wyborcza Барташ Вяліньскі.

Па яго словах, канчаткова стала зразумела, што аперацыя ўдалася, толькі ў той момант, калі Анджэй Пачобут перасёк польскую мяжу.

«Да самага канца было не зразумела, ці ўсё атрымаецца. Фактычна — пакуль Анджэй не перасёк мяжу. І не было ўпэўненасці, што чалавек, якога прывядуць, — гэта сапраўды ён», — сказаў Барташ Вяліньскі.

Ён таксама адзначыў, што не быў упэўнены, ці згодзіцца сам Пачобут пакінуць Беларусь. Журналіст падрыхтаваў аргументы, каб угаварыць яго паехаць у бальніцу і атрымаць дапамогу.

Вяліньскі быў адным з першых, хто сустрэўся з Пачобутам пасля вызвалення. У дарозе яны гаварылі пра вайну і жыццё ў зняволенні. Па яго словах, Пачобут меў абмежаваны доступ да інфармацыі, але ў цэлым быў у курсе асноўных падзей.

«Я спытаў, ці ведае ён пра вайну ва Украіне. Ён адказаў, што чуў. Пра сітуацыю з Іранам — таксама. Ён атрымліваў інфармацыю з беларускіх дзяржаўных СМІ», — распавёў журналіст.

Асноўная частка размовы датычылася ўмоў утрымання. Пачобут, паводле слоў Вяліньскага, не паддаваўся ціску і не супрацоўнічаў з турэмнымі ўладамі.

«Яго не білі — і гэта, напэўна, адзіны плюс. Але быў моцны псіхалагічны ціск. Ён праводзіў час у ізалятарах, у карцэры, на холадзе — акно ў камеры было адчынена і ўдзень, і ўначы», — сказаў ён.

Першае пытанне, якое журналіст задаў пасля вызвалення, датычылася магчымасці вяртання ў Беларусь.

«Першае пытанне, якое Анджэй задаў мне на мяжы, а потым і прэм’еру Туску, было: «Ці магу я вярнуцца?» І, вядома, Польшча — вольная краіна, і кожны можа сам вырашаць, што рабіць са сваім жыццём. Калі ён захоча вярнуцца, ніхто яму гэтага не забароніць. Але я б вельмі моцна адгаворваў яго ад гэтага», — адзначыў ён.

Журналіст таксама звярнуў увагу, што беларуская прапаганда выпусціла матэрыял, у якім адзін з прапагандыстаў сказаў, што Анджэй Пачобут заслугоўвае смяротнага пакарання. Ён адзначыў, што гэта выглядае як супярэчлівы сігнал: маўляў, вярнуцца можна, але пры гэтым гаворыцца пра смерць, і гэта, на яго думку, добра паказвае, што такім пасланням давяраць нельга.

Вяліньскі падкрэсліў, што для Польшчы вызваленне Пачобута — важная падзея, таму што ён не быў ні шпіёнам, ні злачынцам, а апынуўся ў зняволенні як журналіст і актывіст Саюза палякаў у Беларусі.

«Мы чакалі гэтага пяць гадоў. І нарэшце атрымалася. Ён цяпер з намі і паступова прыходзіць у сябе», — сказаў ён.

Нагадаем, Анджэй Пачобут выйшаў на волю у выніку абмену на беларуска-польскай мяжы па формуле «пяць на пяць».

У лютым 2023 года суд у Гродне прысудзіў Анджэя Пачобута да 8 гадоў калоніі паводле артыкулаў аб распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК) і закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (артыкул 361-3 КК).

Анджэя некалькі разоў змяшчалі ў ПКТ у наваполацкай калоніі. У зняволенні ён моцна схуднеў, перанёс аперацыю па выдаленні язваў на скуры. У кастрычніку 2025 года ён завочна атрымаў Прэмію Сахарава, у лістападзе атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Польшчы — ордэн Белага Арла.

У 2024 годзе Анджэй Пачобут стаў ганаровым грамадзянінам Варшавы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках