10 красавiка 2026, Пятніца, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі і якія візы выдае Германія беларусам: цікавыя тэндэнцыі

1
Колькі і якія візы выдае Германія беларусам: цікавыя тэндэнцыі

ФРГ застаецца адной з самых лаяльных у гэтым пытанні краін.

Пасля 2020 года Германія стала лідарам па колькасці шэнгенскіх віз для беларусаў. Як вынікае са статыстыкі МЗС ФРГ, летась іх атрымалі больш за 43 тысячы чалавек. Але тэндэнцыя — на змяншэнне: візаў выдаюць усё менш, а тэрмін дзеяння ў паловы — менш за год. Чаканне запісу пры гэтым зацягваецца на год. Колькі і якіх віз выдае пасольства ФРГ у Мінску і якія перспектывы, разбіралася «Нямецкая хваля».

За мінулы год беларусам выдалі на 20% менш віз

У 2025 годзе пасольства ФРГ у Мінску выдала беларусам 42 тысячы 763 шэнгенскія візы тыпу C, якія падыходзяць для турызму, дзелавых паездак, наведвання родных і сяброў. Для параўнання, ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах ФРГ выдала 40 560 віз пры насельніцтве ў 11 млн чалавек.

Калі параўноўваць з 2019-м, «дакаранавірусным» годам, калі ў Беларусі было выдадзена 35 502 візы, атрымліваецца, што цяпер іх стала больш.

Але тэндэнцыя — на змяншэнне. Годам раней, у 2024-м, Германія выдала беларусам 52 тысячы віз і была нумарам адзін у гэтым дачыненні, сведчыць статыстыка Еўракамісіі. У топ-5 уваходзілі Італія (на тысячу візаў менш), Венгрыя, Францыя, Польшча. То-бок за мінулы год колькасць візаў зменшылася амаль на 8 тысяч, адразу на 20%.

«Галоўная прычына — абмежаваныя рэсурсы кансульстваў. Пасля 2020 года еўрапейскія дыпмісіі ў Мінску працуюць у скарочаным складзе. Другая прычына — ўзмацненне праверак, што зніжае прапускную здольнасць. Таксама Германія разглядае візы ў Аўстрыю, Нідэрланды, Люксембург, Бельгію», — каментуе беларускі візавы эксперт Анастасія Лысокоўская.

Чаканне запісу ў пасольства Германіі апошнім часам даходзіла да паўтара года. «У 2025 годзе сітуацыя палепшылася, але ў сярэднім запіс па-ранейшаму займаў год», — удакладняе экспертка.

«Шэнгенская віза «пад паездку» — новая рэальнасць»

«Адна з галоўных тэндэнцый апошніх гадоў — рэзкае скарачэнне колькасці доўгатэрміновых віз. Раней нярэдка выдавалі на год-два, цяпер часцей пад даты паездкі або на кароткі тэрмін. Шэнгенская віза «пад паездку» — новая рэальнасць», — лічыць Анастасія Лысокоўская. Паводле слоў эксперткі, гэта тэндэнцыя не асобна для беларусаў, а «агульнаеўрапейская, звязаная з жаданнем дзяржаў кантраляваць міграцыйныя рызыкі».

У гэтым сэнсе сітуацыя ў нямецкім пасольстве для беларусаў хутчэй адрозніваецца ў пазітыўны бок. У афіцыйныя 42,7 тысячы віз уваходзяць і шматразовыя, і аднаразовыя. У нямецкім МЗС DW распавялі пра суадносіны: 3 919 візаў у 2025 годзе было выдадзена на адну паездку, а 38 844 візы, гэта значыць дзевяць з дзесяці, былі шматразовымі. Аднак каля 62% шматразовых мелі тэрмін дзеяння — менш за год.

На тэрмін у адзін год у пасольстве выдалі 7582 візы, на два гады — 4 039 віз, на тры гады — 1 558, на чатыры — усяго 467 віз. І яшчэ 2 620 шчасліўчыкаў атрымалі нямецкія візы тэрмінам на пяць гадоў.

Менш гуманітарных і больш працоўных

Таксама пасольства ФРГ у Мінску ў 2025 годзе выдала 1 353 візы катэгорыі D, гэта значыць нацыянальныя, сярод якіх 582 працоўныя візы, 235 візаў для ўз'яднання сужэнцаў, 202 візы — познім пасяленцам, для навучання або іміграцыі па яўрэйскай лініі.

Мінулым годам беларусы атрымалі ўсяго дзевяць гуманітарных віз. Годам раней іх было 35, а найбольшая колькасць прыйшлася на 2022-і — 131 віза. У 202-м Германія спачатку і ўвогуле прыпыніла, а потым узмацніла падыход да іх выдачы.

Цяпер прыём замежных грамадзян на гуманітарных падставах магчымы ў мэтах абароны палітычных інтарэсаў ФРГ у асабліва значных асобных выпадках, патлумачылі DW у МЗС Германіі. Такое рашэнне прымае федэральнае Міністэрства ўнутраных спраў на падставе запыту МЗС, і толькі пасля таго, як Міністэрства ўнутраных спраў заяўляе пра прыём канкрэтнага чалавека, пачынаецца працэдура афармлення візы для яго.

Што будзе з візамі для беларусаў далей?

«З высокай верагоднасцю 2026–2027 гады не прынясуць спрашчэння візавага рэжыму для беларусаў, і санкцыйная палітыка, скарочаныя дыпмісіі і высокая нагрузка на кансульствы захаваюцца», — лічыць Анастасія Лысокоўская. Паводле меркавання эксперткі, Шэнгенская зона для беларусаў не зачыніцца, але правілы стануць больш жорсткімі. «Дзесяткі тысяч беларусаў атрымліваюць візы. Сістэма працуе, але патрабуе ўсё больш часу, дакументаў і планавання», — рэзюмуе яна.

Анастасія Лысокоўская кажа, што ў апошнія гады краіны Шэнгену можна падзяліць на некалькі груп: «Больш строгія — Грэцыя, Венгрыя, Балгарыя, часткова Польшча, яны часцей адмаўляюць або выдаюць візы «пад паездку», існуюць рызыкі анулявання візы, калі выкарыстоўваць яе не па прызначэнні. Стабільныя — Германія, Францыя, Іспанія, Італія, яны лаяльнейшыя ў выдачы доўгатэрміновых віз, але тэрміны чакання застаюцца доўгімі».

Тым, хто хоча проста падарожнічаць, экспертка раіць прадумаць маршрут і выбіраць краіну «з развітай сістэмай візавых цэнтраў, высокім працэнтам ухвалення і адносна хуткімі тэрмінамі запісу»: «На практыцы для беларусаў гэта найчасцей Грэцыя, асабліва на адну паездку, Іспанія — пры пацверджаным даходзе можна атрымаць і мультывізу. Важна разумець: падаваць дакументы «куды заўгодна» нельга, трэба выконваць правіла асноўнай краіны знаходжання. Але пры гнуткім маршруце гэта можна спалучаць».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках