У Apple пацвердзілі адключэнне аплаты сваіх сэрвісаў у Расіі
7- 3.04.2026, 7:06
- 5,184
Здзейсняць новыя пакупкі і падаўжаць падпіскі стане немагчыма.
Карпарацыя Apple афіцыйна паведаміла, што з 1 красавіка ў Расіі стала недаступнай апрацоўка плацяжоў для пакупак у краме App Store. Паводле паведамлення, апублікаванага на рускамоўнай версіі сайта падтрымкі кампаніі, гэта можа паўплываць на бягучыя падпіскі карыстальнікаў: у выпадку адсутнасці сродкаў на балансе ўліковага запісу Apple здзяйсняць новыя пакупкі, уключаючы пакупкі ў прыкладаннях і падаўжэнне падпісак, стане немагчыма. Ідзе, у прыватнасці, пра Apple One, Apple Music, Apple Arcade, Apple Fitness+, iCloud+, а таксама пра пакупкі рынгтонаў, падпіскі ў Apple Podcasts, Apple TV і ў App Store.
Пры гэтым кампанія запэўнівае, што сродкі, якія засталіся на балансе, можна выкарыстоўваць для пакупак і падаўжэння падпісак, а прамакоды (падарункавыя карты) працягваюць працаваць. Ужо набытыя прыкладанні і матэрыялы застануцца даступнымі. Apple таксама дапускае, што прыкладанні можна будзе абнаўляць. Калі карпарацыя не зможа выставіць карыстальніку рахунак, падпіскі скончацца, але даныя ў iCloud+ застануцца даступнымі: можна будзе спампоўваць фатаграфіі і відэа і кіраваць сховішчам.
Напярэдадні стала вядома, што расійскія мабільныя аператары атрымалі ад урада прадпісанне адключыць магчымасць папаўнення балансу Apple ID з рахунку тэлефона. Як паведамлялі 1 красавіка «Коммерсантъ» і РБК, аператары «МегаФон», «Білайн», МТС і Т2 (раней Tele2) выканалі адпаведнае ўказанне.
Паводле звестак крыніц РБК і «Інтэрфакса», такім чынам улады пераследуюць дзве мэты. Па-першае, перашкодзіць расіянам аплачваць VPN-сэрвісы, неабходныя для абыходу блакаванняў. Па-другое, прымусіць Apple вярнуць у расійскі App Store прыкладанні, прыбраныя пасля пачатку вайны ва Украіне.
Магчымасць аплаты Apple ID з мабільнага рахунку стала папулярнай у расіян у 2022 годзе пасля ўвядзення абмежаванняў на папаўненне Apple ID з банкаўскіх карт «Мір». Яна дазваляла захоўваць доступ да воблачнага сховішча, струменевай музыкі Apple Music і іншых сэрвісаў. Пасля пачатку вайны Apple прыпыніла працу на расійскім рынку, заблакавала даданне карт «Мір» у Apple Pay і Apple ID, а таксама дэактывавала раней прывязаныя карты.