Коул даціснуў Лукашэнку
5- Аляксандр Класкоўскі
- 29.04.2026, 11:47
- 2,838
Усё было, як у шпіёнскім рамане.
28 красавіка спецслужбы Беларусі і Польшчы правялі на мяжы абмен па формуле «пяць на пяць». У выніку на волі апынуўся знакавы для Варшавы палітычны вязень Анджэй Пачобут. Абмен адбыўся ў выніку складанай камбінацыі з удзелам спецслужбаў і дыпламатаў сямі краін. Беларускі КДБ дзейнічаў у цеснай звязцы з ФСБ Расіі.
Асаблівую ролю ў гэтым сюжэце адыграў Вашынгтон, да якога звярталася Варшава.
Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коул на прэс-канферэнцыі ў польскай сталіцы паведаміў:
«Кожны раз, калі я вёў перамовы з Лукашэнкам, я ўздымаў пытанне пра вашых людзей, асабліва пра тых трох чалавек, якіх мы вызваляем сёння. Яны (маюцца на ўвазе беларускія ўлады. — рэд.) вельмі супраціўляліся, супраціўляліся іх вызваленню, але з цягам часу, па меры таго як нашы адносіны з Лукашэнкам паляпшаліся, нам, нарэшце, удалося гэтага дабіцца».
Акрамя Анджэя Пачобута, польскаму боку перададзены манах Гжэгож Гавэль, затрыманы ў Беларусі летась нібыта за шпіянаж, і яшчэ адзін грамадзянін Польшчы — палітвязень Тамаш Бероза. У пяцёрку, адпушчаную Мінскам і Масквой, увайшлі таксама двое афіцэраў Службы інфармацыі і бяспекі (СІБ) Малдовы.
Са свайго боку, «Саюзная дзяржава» атрымала расійскага археолага Аляксандра Буцягіна (быў арыштаваны ў Польшчы па запыце Украіны); нейкую Ніну Папову (якая, паводле заяў Кішынёва, дзейнічала супраць інтарэсаў Малдовы); былога намесніка дырэктара СІБ Аляксандра Балана; затрыманага ў Польшчы летась Уладзіслава Надзейку (абодва працавалі на беларускія спецслужбы) і яшчэ аднаго ноўнэйма. Апошні, як можна меркаваць, таксама з’яўляецца беларускім або расійскім агентам.
18 снежня мінулага года на Усебеларускім народным сходзе Аляксандр Лукашэнка ў сваёй фірмовай манеры прыпадняў заслону таямніцы над закулісным сюжэтам:
«Пачобут — гэта нашы з палякамі адносіны. Так, гэта абмен. Вы (маецца на ўвазе польскі бок. — рэд.) самі прапанавалі: вы аддаеце з Польшчы нам людзей, мы ім перадалі прозвішчы — яны ні ў чым не вінаватыя, а мы вам аддаём гэтых, злачынцаў, якія асуджаны судом».
Карацей, класіка жанру: нашы людзі — бравыя разведчыкі, высакародныя Штырліцы ў варожым логаве, іх людзі — агідныя шпіёны, зладзеі.
Цяпер робіцца больш зразумелым і жэст Варшавы ў лістападзе мінулага года, калі яна адкрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, хоць сама, падаецца, нічога не атрымала. Найхутчэй, Мінск запатрабаваў гэтага як «перадаплату».
Niezłomny — так напісаў пра Пачобута Туск
Дзіўным чынам у гэтай гісторыі Лукашэнка так ці інакш дагадзіў амаль усім — і Вашынгтону, і палякам, і Малдове, і Уладзіміру Пуціну. Коул як дыпламат падзякаваў кіраўніку Беларусі «за гатоўнасць да канструктыўнага ўзаемадзеяння з ЗША».
Але дэмакратычна настроеныя беларусы наўрад ці гатовыя апладзіраваць «вялікаму камбінатару» Лукашэнку.
Так, шэраг асоб з вызваленай сёння дзясяткі, мяркуючы па ўсім, сапраўды займаліся разведвальнай (ці нават дыверсійнай) дзейнасцю. Абмены злоўленымі агентамі — звыклая справа для спецслужбаў.
Але самы знаны ў гэтай дзясятцы — Пачобут, журналіст і актывіст польскай дыяспары, адседзеў за кратамі больш за пяць гадоў (і гэта быў не першы ягоны тэрмін) выключна за сваю прафесійную і грамадскую дзейнасць. Дык што ў яго выпадку гаворка пра палітычнага закладніка, за якога рэжым выставіў высокі кошт.
Пры тым торг ішоў жорсткі. Як выяўляецца, Пачобут быў у адным з папярэдніх спісаў кандыдатаў на вызваленне, але Мінск яго выкрасліў.
Niezłomny — так ахарактарызаваў гэтага вязня, які сустракаў яго на мяжы, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
Так, Анджэй паказаў сябе ў засценках чалавекам нязломнай волі. Але выглядае змарнелым — як і многія іншыя палітычныя вязні, што выходзяць на волю ў выніку намаганняў амерыканскай дыпламатыі. Сам ён у аўторак паведаміў, што важыць 74 кг — на 19 менш, чым тры гады таму.
Умовы, якія можна назваць сярэднявечнымі або катавальнымі, — гэта, як вядома, змрочная «фішка» так званай пенітэнцыярнай сістэмы Лукашэнкі.
Іншы былы палітвязень Ігар Лосік напісаў у сваім тэлеграм-канале:
«Пачобут тры гады знаходзіўся ў жахлівых умовах, пастаянна чаргуючы ПКТ і ШІЗА, у дзікім холадзе, без якіх-колечы сувязяў з іншымі зняволенымі, але ні разу не пайшоў ні на якія ўступкі адміністрацыі і тым, каго да яго падсылалі. Сапраўдны сімвал мужнасці і стойкасці».
Набліжаецца новы этап «вялікай здзелкі»
Тым часам Коул паведаміў, што збіраецца зноў прыехаць у Беларусь праз дзве-тры тыдні. Папярэднія ягоныя візіты да Лукашэнкі завяршаліся вызваленнем груп палітычных вязняў — кожны раз усё большых.
Малаімаверна, што і цяпер ён паедзе ў Мінск проста папіць гарэлкі з дыктатарам ды прывезці яму пілюлі для пахудання. Напэўна, існуе папярэдняя дамоўленасць, што Лукашэнка адпусціць новую партыю палітычных закладнікаў.
Загадываць — няўдзячная справа, але, па ідэі, гэта павінна быць унушальная група. З аднаго боку, Коулу не варта збавляць тэмп. З другога боку, Лукашэнка, як сам не раз прызнаваўся, зацікаўлены ў «вялікай здзелцы» з Дональдам Трампам.
Хоць беларускі аўтакрат тут, трэба думаць, у пакутах. Здаецца, і цягнуць ката за хвост рызыкоўна — амерыканскі прэзідэнт непастаянны, можа і астудзіцца да гульні на беларускім трэку. Разам з тым і прадешавіць не хочацца. Якія пернікі прывезе Коул гэтым разам — хутка даведаемся.
Чаму асцярожны Сікорскі
Адзначым, што Варшава ўдала ўбудавалася ў дыялог паміж Вашынгтонам і Мінскам. 28 красавіка міністр замежных спраў Радослав Сікорскі выказаў надзею, што вызваленне Пачобута дапаможа перазапуску польска-беларускіх адносін.
Праўда, ён быў асцярожны:
«Я не хачу даваць пустыя абяцанні, бо падобныя „ілжывыя світання“ ўжо здараліся».
Так, Сікорскі ўжо абпальваўся на спробах наладзіць дыялог з Мінскам. Перад беларускімі прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года ён разам з тагачасным нямецкім калегам Гіда Вэстэрвэле прылятаў да Лукашэнкі. Ад імя Еўропы дыпламаты абяцалі ўладам Беларусі фінансавую падтрымку ў 3 млрд еўра ў выпадку правядзення сумленных выбараў.
Кіраўнік паабяцаў правесці іх «без сучка і задорынкі». А потым, як вядома, сарваўся ў штопар: разагнаў Плошчу, пасадзіў амаль усіх канкурэнтаў і дзясяткі палітычных актывістаў.
І гэта была яшчэ, як мы можам цяпер меркаваць, адносна вегетарыянская фаза рэжыму. Пасля 2020 года ён стаў несувымерна больш жорсткім. І наколькі цяпер Лукашэнка здольны змякчыць рэпрэсіі — вялікае пытанне.
Акрамя таго, катастрафічныя падзеі 2020 і 2022 гадоў рэзка ўзмацнілі залежнасць Мінска ад Масквы. А яна абсалютна не зацікаўленая ў тым, каб Беларусь паляпшала адносіны з Захадам. Таму асцярожнасць пана Сікорскага вельмі нават зразумелая.
Аляксандр Класкоўскі, «Позiрк»