У Беларусі пацвердзілі, што не выпусцяць за мяжу расійскіх прызыўнікоў
3- 29.04.2026, 12:30
- 1,664
У Памежным камітэце пацвердзілі, што маюць агульную базу даных з Расіяй.
Расійскія прызыўнікі, якія атрымалі забарону на выезд за мяжу, не змогуць выехаць праз Беларусь. Пра гэта журналістцы «Белсата», якая звярнулася як прыватная асоба, паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.
«Калі Расійская Федэрацыя не ўвядзе забарону на яго выезд і з дакументамі ўсё ў парадку, то выпусцяць», — адказалі памежнікі.
Нядаўна паведамлялася, што памежнікі ўпершыню не выпусцілі з Беларусі расіяніна, які спрабаваў вылецець з Мінска спачатку ў Тбілісі, а потым у Ерэван. Расіянін атрымаў павестку ў войска і павінен быў 29 красавіка прыйсці на медагляд. У спецыяльным расійскім электронным рэестры з'явілася забарона на яго выезд з РФ.
У Памежным камітэце Беларусі пацвердзілі, што маюць агульную базу даных з Расіяй, і параілі звяртацца «ў кампетэнтныя органы Расійскай Федэрацыі»:
«Калі адкажуць, што выезд не абмежаваны, калі ласка, можна выязджаць з тэрыторыі Беларусі. Калі выезд забаронены — усе пытанні да Расійскай Федэрацыі. Калі асоба будзе ў базе — яе не выпусцяць. Калі асобы ў базе з абмежаваннем на выезд не будзе — мы выпусцім».
Раней расійскія прызыўнікі маглі без праблем выехаць праз Беларусь.