Сталі вядомыя стаўкі ўтылізацыйнага збору ў Беларусі для новых відаў тэхнікі
2- 28.04.2026, 16:11
- 1,788
Абноўленыя расцэнкі ўступяць у сілу з 29 красавіка.
З 29 красавіка ў Беларусі пачнуць дзейнічаць новыя стаўкі ўтылізацыйнага збору. Сумы для ўсіх відаў тэхнікі пазначаныя ў дакуменце, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Рэестр быў істотна пашыраны. У яго дадалі самаходныя касілкі, збожжаўборачныя камбайны, гусенічныя трактары для сельскай гаспадаркі, колавыя трактары, снегаходы, мотаўсюдыходы, снегабалотаходы і іншыя віды тэхнікі.
І сумы ўражваюць. У залежнасці ад магутнасці збожжаўборачнага камбайна давядзецца заплаціць утылізацыйны збор у памеры 15,6–78,2 тыс. І гэта пры ўмове, што машына выпушчана не больш як тры гады таму. Для больш старых мадэляў стаўкі яшчэ вышэйшыя.
Які ўтылізацыйны збор для легкавікоў
Для ўвозу фізічнымі асобамі легкавых аўто (з любым тыпам і аб’ёмам рухавіка) стаўка вырасла на 14,7–17,7% у залежнасці ад узросту. За машыну, выпушчаную менш як тры гады таму, трэба будзе заплаціць 624,92, а калі больш — то 1282,02.
Пры гэтым па асобных пазіцыях "у рамках абароны ўнутранага рынку стаўкі ўтылізацыйнага збору павялічаны кратна".
Утылізацыйны збор стаў на 50% даражэйшы на новыя сядельныя цягачы з дазволенай максімальнай масай ад 12 да 20 т. Цяпер трэба заплаціць 149,4 тыс.
Каму не трэба плаціць утылізацыйны збор
Ёсць і выключэнні, калі аплачваць утылізацыйны збор не патрабуецца. Гэта тычыцца тэхнікі, якую ўвозяць МЗС, спецслужбы, замежныя дыпламаты.
Таксама гэта датычыцца беларускіх аўтавытворцаў у выпадку прыняцця імі на сябе абавязацельстваў па ўтылізацыі транспартных сродкаў, самаходных машын і прычэпаў да іх.