Тайвань перайшоў у стан павышанай баявой гатоўнасці
- 28.04.2026, 8:26
- 1,666
З-за выяўлення караблёў Кітая.
Тайвань у панядзелак увечары выявіў два кітайскія ваенныя караблі, якія знаходзіліся ў водах паблізу астравоў Пэнху ў Тайваньскім праліве. На гэтым фоне краіна накіравала свае ваенна-марскія і ваенна-паветраныя сілы для назірання.
Пра гэта паведамляе Reuters.
У Міністэрстве абароны Тайваня паведамілі, што вечарам 27 красавіка кітайскі эсмінец і фрэгат увайшлі ў воды на паўднёвы захад ад астравоў Пэнху, дзе размешчаныя буйныя ваенна-марскія і ваенна-паветраныя тайванскія базы.
Не ўдаючыся ў падрабязнасці, у міністэрстве дадалі, што вайскоўцы Тайваня «ўважліва сачылі за фарміраваннем і прынялі адпаведныя меры, выкарыстоўваючы ваенна-марскія і ваенна-паветраныя сілы». Таксама там паказалі каляровыя аэрафотаздымкі абодвух караблёў, але не ўказалі іх дакладнае месцазнаходжанне.
Ужо ў аўторак раніцай Міністэрства абароны Тайваня ў сваім штодзённым аглядзе актыўнасці Кітая за 24 гадзіны паведаміла, што вакол вострава цяпер дзейнічаюць 9 кітайскіх ваенных караблёў, а таксама былі выяўленыя 22 ваенныя самалёты.
У Міністэрстве абароны Кітая не адразу адказалі на запыт аб каментары. Раней у гэтым месяцы там заяўлялі, што рэгулярныя ваенныя дзеянні Кітая вакол Тайваня «цалкам апраўданыя і разумныя», а любая напружанасць — віна ўрада ў Тайбэі.
Тут важна дадаць, што Кітай разглядае дэмакратычна кіраваны Тайвань як сваю тэрыторыю. І, як піша Reuters, краіна штодня накіроўвае свае ваенныя караблі і самалёты ў воды і паветра вакол вострава, што выклікае асуджэнне з боку тайванскага ўрада. Тайбэй, у сваю чаргу, адхіляе прэтэнзіі Пекіна на сувярэнітэт, заяўляючы, што толькі жыхары вострава могуць самі вырашыць свой лёс.
Што кажа лідар Тайваня пра дзеянні Кітая
Сёння, у аўторак, прэзідэнт Тайваня Лай Чын-дэ заявіў, што кітайскія аперацыі ў «шэрай зоне» — гэта нерэгулярная тактыка, скіраваная на знясіленне праціўніка без ужывання адкрытых баявых дзеянняў. Ён падкрэсліў, што псіхалагічны ціск узмацняецца з кожным днём.
Таксама ён абвясціў, што магчымасці Берагавой аховы Тайваня будуць узмоцненыя. Паводле слоў Лая, гэта ўключае інтэграваныя магчымасці назірання за морам і паветрам, а таксама пашыранае выкарыстанне дронаў, радыёлакацыйных сістэм новага пакалення і інфрачырвоных цеплавізійных сістэм.