Беларусы прапанавалі новыя меры супраць кляшчоў
3- 28.04.2026, 9:34
- 4,050
Улады не падтрымалі.
У Беларусі прапанавалі абавязаць камунальныя службы праводзіць прафілактычную апрацоўку зялёных зон ад кляшчоў да пачатку сезона і папярэджваць пра небяспечныя зоны. Аднак у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі заявілі, што дзеючы парадак мяняць не плануюць, паведамляе «Белсат».
Петыцыя з прапановай увесці прафілактычную апрацоўку паркаў ад кляшчоў з’явілася на платформе «Зручны горад». Яе аўтары адзначаюць, што цяпер супрацькляшчавая апрацоўка ў гарадах праводзіцца ў асноўным «рэактыўна» — пасля скаргаў жыхароў або выяўлення перавышэння колькасці кляшчоў санітарнымі службамі. Паводле іх слоў, такі падыход запазняецца: людзі паспяваюць пацярпець да таго, як работы будуць арганізаваныя.
У звароце прапануецца перайсці да прафілактычнай мадэлі. У прыватнасці, абавязаць балансатрымальнікаў тэрыторый — такія структуры, як «Зелянбуд» і ЖЭС — праводзіць планавую вясновую акарыцыдную апрацоўку яшчэ да пачатку эпідсезона. Ідзе пра буферныя зоны: прыблізна 50 метраў вакол дзіцячых пляцовак, уздоўж пешаходных дарожак у парках і на пляцоўках для выгулу сабак.
Асобна аўтары петыцыі прапануюць замацаваць фінансаванне такіх работ: уключыць апрацоўку ад кляшчоў у абавязковы пералік мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні і выдзяляць на яе сродкі загадзя — у сакавіку–красавіку. Таксама яны лічаць неабходным устанавіць жорсткі нарматыў рэагавання: апрацоўваць тэрыторыі з выяўленымі кляшчамі або па масавых скаргах не пазней як праз тры працоўныя дні.
Яшчэ адна ініцыятыва датычыць інфармавання жыхароў. Прапануецца ўсталёўваць на ўваходах у зялёныя зоны папераджальныя таблічкі: чырвоныя — калі тэрыторыя не апрацаваная і існуе рызыка кляшчоў, зялёныя — калі апрацоўка праведзеная, з указаннем даты.
У адказе Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі гаворыцца, што адказнасць за ўтрыманне тэрыторый агульнага карыстання, уключаючы паркі і скверы, ўскладзеная на мясцовыя выканаўчыя органы і ўпаўнаважаныя арганізацыі. Пытанне фінансавання такіх работ таксама адносіцца да іх кампетэнцыі.
У ведамстве падкрэслілі, што дзеючыя санітарныя нормы ўжо рэгулююць парадак правядзення акарыцыдных мерапрыемстваў, і змяніць яго «на дадзены момант не ўяўляецца магчымым».
Там таксама адзначылі, што тэрыторыі масавага наведвання апрацоўваюцца планава паводле зацверджаных графікаў, а пры паступленні скаргаў праводзіцца пазапланавая праверка. Калі выяўляецца ачаг кляшчоў, апрацоўку арганізуюць «у максімальна кароткія тэрміны» з улікам умоў надвор'я і тэхнічных магчымасцяў.
Ідэю ўстанавіць абавязковы трохдзённы тэрмін рэагавання ў міністэрстве не падтрымалі, указаўшы, што такі нарматыў «не заўсёды выканальны».
Таксама ў адказе гаворыцца, што дзеючыя правілы не прадугледжваюць абавязковага размяшчэння папераджальных таблічак пра наяўнасць або адсутнасць апрацоўкі ад кляшчоў у зялёных зонах.
Такім чынам, прапанаваныя меры — ад прафілактычнай апрацоўкі да інфармавання насельніцтва — укараняць не плануецца, а дзеючая сістэма барацьбы з кляшчамі застанецца без змяненняў.
Нагадаем, што разам з пацяпленнем у краіне расце рызыка сустрэчы з кляшчамі. З пачатку 2026 года па сярэдзіну красавіка гэтага года з прычыны ўкусаў кляшчоў да лекараў звярнуліся звыш 200 чалавек, прычым першыя пацыенты былі ўжо ў студзені.