Пяць вар’яцкіх парад ад горэ-агранома Лукашэнкі
32- 27.04.2026, 21:18
- 16,770
Дыктатар выдае банальнасці за каштоўныя ўказанні.
Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Нараўлянскі раён, каб праінспектаваць пасяўную. Судзячы па раздаваных парадах, ён упэўнены, што без яго ў гэтай краіне ні пасеяць, ні пажаць не змогуць.
Блізкі да прэс-службы Лукашэнкі Telegram-канал прыводзіць яго «найкаштоўнейшыя» думкі, выказаныя падчас інспектавання «Эксперыментальнай базы «Крынічная». «Салідарнасць» збрала 5 найбольш важных.
Парада №1. «Трэба, каб была падрыхтаваная глеба».
А мы-то думалі так па полі раскідаць. Дзякуй, Аляксандр Рыгоравіч!
Парада №2. «Цягнуць ужо не трэба, трэба сеяць».
Хацелі да лета пачакаць, але калі вы настойваеце...
Парада №3. «Галоўнае — гаспадарыць на зямлі і не забываць пра культуру земляробства».
А так і далей займаліся б бескультурніцтвам.
Парада №4. Сховішчы павінны быць зробленыя так, каб «замест сенажу не захоўваць гнілаж».
Дык во дзеля чаго яны!
Парада №5. «Трэба арганізацыя і трэба чалавечае стаўленне да скаціны».
Хацелася б яшчэ, вядома, чалавечага стаўлення да чалавека, але гэта ўжо пасля скаціны.
Ну і напаследак вердыкт кіраўніка наконт убачанага на комплексе:
— Дорага. Трэба старацца танней. Прыдумаць схему, каб «зубамі грызлі цану». Так, можна сказаць, будуюць за свае грошы. Але мы ж датуем сельскую гаспадарку. Маглі б зэканоміць грошы для іншых праектаў.
Датуем? Маглі б зэканоміць на нешта іншае? Ды неее. Куды ж тады ездзіць, каб раздаваць такія найкаштоўнейшыя парады?!