Алесь Бяляцкі выступіў у Варшаўскім універсітэце
4- 22.04.2026, 8:48
- 1,542
Зала была перапоўненая.
20 красавіка ў Варшаўскім універсітэце адбылася сустрэча з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, кіраўніком праваабарончага цэнтра «Вясна», былым палітвязнем Алесем Бяляцкім, паведамляе «Радыё Свабода».
Увечары 20 красавіка ў вялікай гістарычнай зале Варшаўскага ўніверсітэта расставілі крэслы з партрэтамі беларускіх зняволеных, якія цяпер за кратамі: Анджэя Пачобута, Ігара Ільяша, Паліны Пяткевіч і іншых, а таксама сімвалічнае асобнае крэсла для рукапісаў, што засталіся ў турмах і, магчыма, там знішчаюцца.

У зале было шмат вядомых людзей: першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі, прафесарка Эльжбета Смулек, дырэктар Цэнтра ўсходне-еўрапейскіх даследаванняў, кіраўнік праграмы Каліноўскага Ян Маліцкі, дыпламаты, пісьменнік Уладзімір Арлоў, былыя палітвязні Максім Знак, Вольга Філатчанкова, дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, а таксама беларускія дэмакратычныя актывісты і польскія студэнты.
Адкрываючы сустрэчу, кіраўніца Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай адзначыла, што за кратамі застаюцца каля 900 палітвязняў. Алесь Бяляцкі выказаў надзею, што ўсе яны хутка выйдуць на волю.
«Можа, рукапісы ў КДБ, а можа, ужо спаленыя»
Першае пытанне да Бяляцкага было пра кнігі, якія ён напісаў у зняволенні і якія яму не дазволілі забраць пры вызваленні.
«Вось і Максім Знак, які напісаў 22 кнігі ў турме і яшчэ больш прачытаў. Дарэчы, толькі цяпер я з ім убачыўся. У ліпені 2021 года я трапіў у так званы «Шанхай» — гэта некалькі камер на Валадарцы, у яе падвалах. Побач быў Максім Знак. Правёўшы там тры дні, я зразумеў, што гэта яшчэ не «пекла», але ўжо «чысталішча». Камеры перапоўненыя, спякота…» — успамінае Алесь.
У СІЗА была магчымасць пісаць кнігі. На допыты вадзілі раз на тыдзень. Але Бяляцкі адмаўляўся даваць паказанні, спасылаючыся на 27-ы артыкул Канстытуцыі (права не сведчыць супраць сябе).

«Я прымусіў следчую задаваць пытанні па-беларуску, і яна загадзя рыхтавалася — перакладала іх. Нашы сустрэчы хутка заканчваліся, бо я адмаўляўся адказваць. Я прасядзеў амаль год у той камеры, потым у іншай — бліжэй да «смяротнікаў». І напісаў у СІЗА дзве кнігі. Але не дваццаць дзве, як Максім Знак. Цэнзар тады казаў: «Толькі не пішы пра Лукашэнку і не пішы пра турму», — успамінае Бяляцкі.
Некаторыя фрагменты ён дасылаў жонцы Наталлі ў лістах. Але калі пачалася вайна Расіі супраць Украіны, палітвязням забаранілі перапіску.
«Што рабіць з рукапісамі? Я пакінуў іх на складзе ў надзеі, што калі нас вызваляць, іх вернуць. Там быў наш прысуд — амаль на 400 старонак. І ліст з падатковай — каб я заплаціў падатак з Нобелеўскай прэміі», — з усмешкай успамінае Алесь.
Аднак яго вызвалілі без дакументаў і рукапісаў — верагодна, быў жорсткі загад нічога не вяртаць.
«Можа, рукапісы ў КДБ, а можа, ужо спаленыя», — мяркуе ён.
Бяляцкі падзякаваў Беларускаму ПЭНу за кнігу «Алесь», выдадзеную падчас яго зняволення. Вокладку яму паказалі ў судзе, а прачытаць кнігу ён змог толькі пасля вызвалення — і яна яму спадабалася.
Як трымаўся ў турме
На пытанне пра тое, як ён трымаўся ў зняволенні, Бяляцкі пажартаваў, што «пісьменнік, напэўна, павінен мець моцную задніцу». Ён расказаў, што ў турме даводзілася цяжка працаваць:
«Бярэш тачку — і ідзеш. Ці лапату. Цяжкая праца змарывала. Я працаваў у дрэваапрацоўчым цэху, збіваў паддоны. Пасля працы ледзь ногі цягнеш».
«Калі б мне сказалі ў 1996-м…»
Бяляцкі ўспомніў стварэнне праваабарончага цэнтра «Вясна» ў 1996 годзе. Тады акцыі «Чарнобыльскі шлях» збіралі дзесяткі тысяч людзей, якія пратэставалі супраць інтэграцыі з Расіяй.

«Калі б мне тады сказалі, што «Вясна» будзе працаваць 30 гадоў, я б не паверыў. Я літаратуразнавец, люблю пісаць, не хацеў быць праваабаронцам. Але жыццё паставіла такія задачы».
Ён таксама расказаў гісторыю рэгістрацыі арганізацыі:
«Сядзяць чыноўнікі, п'юць. Пытаюцца: «Будзеш з намі?» — «Не». — «Як хочаш рэгістраваць: хутка ці паводле закону? Хутка — дзве бутэлькі каньяку, і праз два тыдні рэгістрацыя. Паводле закону — месяц». Я выбраў паводле закону».
У 2003 годзе «Вясну» пазбавілі рэгістрацыі, але яна працягнула працу.
Пра мову
Бяляцкі падкрэслівае важнасць беларускай мовы:
«Без беларускай мовы мы растварымся. Нас разарвуць на часткі. Чыноўнікі, войска, дзяржаўныя службоўцы павінны абавязкова ведаць беларускую мову».
Ён нават спрабаваў гаварыць па-беларуску ў турме і патрабаваў весці суд на гэтай мове, але атрымаў адмову.

«Кнігі па-руску павінны выдавацца ў Расіі»
Ён лічыць, што кнігі беларускіх аўтараў павінны выдавацца на беларускай мове:
«Рускую могуць выкарыстоўваць тыя, хто на ёй гаворыць. Але кнігі па-руску павінны выдавацца ў Расіі».
Гэтая пазіцыя выклікала бурныя апладысменты, але таксама і дыскусію.
«Трэба вярнуць душу народу»
Паводле Бяляцкага, галоўная праблема Беларусі — савецкая спадчына:
«Патрэбная беларусізацыя, трэба вярнуць душу народу. Шанцы цяперашняга рэжыму ўтрымацца пры ўладзе мінімальныя».
Пра Еўропу і будучыню
Бяляцкі адзначыў, што ЕС аказвае сур'ёзную падтрымку Беларусі, хоць ёсць праблемы (візавыя, банкаўскія).
Ён лічыць, што Беларусь важная для Еўропы:
«Калі забыць пра Беларусь — гэта небяспечна для Еўропы. Гэта і міграцыя, і дэстабілізацыя межаў».
Ён выказаў надзею на заканчэнне вайны ва Украіне і падкрэсліў:

«Мы даганім іншыя краіны. Беларусь будзе акружаная дэмакратычнымі дзяржавамі».
Стаўленне Польшчы

Бяляцкі адзначыў, што польскае грамадства падтрымлівае беларусаў:
«Вы — наш надзейны саюзнік і партнёр. Гэта вельмі важна».
І дадаў:
«Давайце працягваць гэтую працу — гэта будзе на карысць нашым народам, як і было стагоддзямі».
