Два новыя факультатывы з'явяцца ў школах Беларусі
5- 2.04.2026, 10:11
- 1,944
Адзін — пра самапазнанне, другі — пра кааперацыю.
У беларускіх школах з'явяцца два новыя факультатывы, паведаміла Міністэрства адукацыі.
Так, у новым навучальным годзе беларускія школьнікі змогуць наведваць новыя факультатывы: «Вучымся разумець сябе і іншых» і «Вучымся дапамагаць сабе і іншым».
Першы факультатыў пра самапазнанне разлічаны на вучняў трэціх — чацвёртых класаў і будзе праходзіць раз на тыдзень. На факультатыве «Вучымся разумець сябе і іншых» навучэнцы пачатковай школы змогуць фарміраваць і развіваць кампетэнцыі самапазнання і самаразвіцця, эмацыйнай рэгуляцыі і камунікацыі.
— На факультатыве мы вучым дзяцей вызначаць свае эмоцыі, супакойваць сябе, перажываць і спраўляцца з пачуццямі. Усе заняткі пабудаваныя на гульнях, практыкаваннях, разборах сітуацый, — распавяла метадыст цэнтра ацэнкі якасці адукацыі Акадэміі адукацыі Марыя Гарбунова.
На апошніх занятках факультатыву «Вучымся разумець сябе і іншых» дзеці пачатковай школы будуць ставіць невялікі спектакль. А падлеткі на факультатыве «Вучымся дапамагаць сабе і іншым», які разлічаны на пятыя — сёмыя класы, яшчэ будуць асвойваць навыкі кааперацыі і працы ў камандзе. Таксама на факультатыве для старэйшых класаў яшчэ будзе пазнавальны квэст.