У Германіі за год выявілі амаль тры тысячы радыеактыўных кабаноў
1- 19.04.2026, 6:00
- 5,254
З-за наступстваў Чарнобыля.
У Германіі працягваюць фіксаваць наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 2025 годзе сярод забітых паляўнічымі дзікіх кабаноў выяўлена 2927 асобін з перавышэннем дапушчальнага ўзроўню радыяцыі. Пра гэта піша Bild.
Праблема ў тым, што ў некаторых рэгіёнах лясная глеба дагэтуль забруджаная цэзіем-137. Жывёлы кормяцца грыбамі і раслінамі, якія назапашваюць цэзій-137 з глебы. Перыяд паўраспаду гэтага рэчыва складае прыкладна 30 гадоў.
Калі мяса жывёлы перавышае норму ў 600 бекерэляў на кілаграм, яно не можа паступаць у продаж. Паляўнічым выплачваюць кампенсацыі за ўтылізацыю дзічыны. За дарослага кабана плацяць €204,52, за маладога — €102,26. Паводле сумы выплачаных кампенсацый і вядзецца падлік заражаных асобін.
Як піша выданне, больш за ўсё выпадкаў заражэння фіксуюць у паўднёвых і цэнтральных рэгіёнах Германіі — менавіта яны найбольш пацярпелі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. У 2025 годзе больш за ўсё такіх кабаноў выявілі ў Баварыі (каля 2,3 тыс.), Бадэн-Вюртэмбергу (491), Саксоніі (109) і Цюрынгіі (18).
Пры гэтым эксперты адзначаюць, што сітуацыя паступова паляпшаецца: напрыклад, у 2022 годзе выяўлена каля 7,5 тысячы такіх кабаноў.