Стала вядома, хто той замежнік, якога абвінавачваюць у забойстве жонкі ў Добрушы
- 17.04.2026, 16:28
- 3,426
Усё адбылося яшчэ ў кастрычніку 2025 года.
У Добрушы здарылася трагедыя, якая не ўкладваецца ў галаве: паводле звестак следства, мужчына забіў цяжарную жонку, параніў нажом непаўналетняга пасынка і згвалтаваў падчарыцу каля трупа жонкі. Усё адбылося яшчэ ў кастрычніку 2025 года, аднак пра гэта стала вядома толькі праз паўгода, калі пракуратура паведаміла, што накіравала справу ў суд. «Зеркало» распавядае, што вядома пра гэту сям'ю.
У афіцыйным паведамленні пракуратура кажа, што мужчына не быў беларусам, называючы яго «замежнікам». Карыстальнікаў сацсетак зацікавіла, адкуль ён. Адна з удзельніц абмеркавання падзялілася, што знаёмая з гэтай гісторыяй. Паводле яе слоў, гэта была шматдзетная сям'я з Украіны, якая ўцякала ад вайны. «Усім горадам ім дапамагалі, а аказалася вось так усё…» — адзначыла яна.
«Пагражаў фізічнай расправай» яшчэ за пяць гадоў да трагедыі
«Зеркало» праверыла гэтую інфармацыю і знайшло сям'ю. Іх біяграфічныя звесткі супалі з інфармацыяй пракуратуры, а візуальныя дэталі — з фатаграфіяй з месца злачынства. Мы не называем іх сапраўдныя імёны з этычных меркаванняў і дзеля абароны дзяцей.
Вольга і Антон (імёны змененыя) родам з Данецкай вобласці. Вольга ў сацсетках пазначала сваімі роднымі гарадамі Саледар і Бахмут, Антон — Данецк, Саледар і Бахмут.
У Вольгі было чацвёра дзяцей ад папярэдняга шлюбу — тры сыны і дачка. У 2018 годзе яна аформіла развод з іх бацькам і падала на аліменты. У маі 2019 года Вольга выйшла замуж за Антона, шлюб зарэгістравалі ў Саледары. У афіцыйных базах захаваліся запісы пра тое, што ў мінулым Антон быў судзімы, у тым ліку за разбой, некаторы час знаходзіўся ў вышуку.
У пары нарадзіліся двое дзяцей. Аднак летам 2020 года адносіны разладзіліся. У верасні мужчына ўчыніў сямейную сварку, «выказваўся нецэнзурнай лаянкай у адрас сваёй жонкі і пагражаў ёй фізічнай расправай», гаворыцца ў адным з судовых дакументаў. Вольга звярнулася ў паліцыю, справа дайшла да суда, Антона аштрафавалі.
Паралельна жанчына звярнулася ў суд, каб аформіць аліменты на іх агульных дзяцей — і яе запыт падтрымалі. У судовым дакуменце гаворыцца, што шлюбныя адносіны фактычна былі спыненыя з-за «пастаянных сварак і розных поглядаў на сямейнае жыццё».
«Ехалі абсалютна ў нікуды»
Але, падаецца, гісторыя пары на гэтым не скончылася. Пасля гэтага яны сумесна набылі дом, верагодна, у сям'і з'явілася яшчэ адно дзіця. У 2022—2023 гадах Бахмут быў цалкам знішчаны ў ходзе баёў падчас расійскага ўварвання ва Украіну і акупаваны. З студзеня 2023 года Саледар таксама апынуўся пад акупацыяй, горад называлі «самай гарачай кропкай вайны» на той момант.
Вольга і Антон вырашылі пераехаць у Беларусь.
— Схапіць усіх у ахапак і бегчы ў сховішча не так проста. Спачатку мы, так, хацелі застацца, а потым — ну не, рызыкаваць дзецьмі — гэта занадта. Ехалі абсалютна ў нікуды, — прызналася Вольга ў сюжэце беларускага дзяржаўнага канала, які выйшаў летам 2023 года.
Спачатку вялікая сям'я знаходзілася ў пункце часовага размяшчэння, пасля пераехала ў Добруш. У інтэрв'ю Вольга распавядала, што ў Беларусі ёй падабаецца.
У сюжэце гаварылася, што сям'і дапамаглі з пошукам працы. Чым Антон займаўся ў Беларусі — невядома. На адным з сайтаў, прысвечаных пошуку вакансій, захавалася рэзюмэ Вольгі, апублікаванае ў 2024 годзе. Яна пісала, што ў мінулым вучылася на кухара, але гатовая «разгледзець любыя варыянты» ў Мінску. Жанчына таксама пазначала, што не замужам і мае беларускае грамадзянства (цяжка сказаць, ці было гэта праўдай).
«Аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі»
Летам 2025 года сям'я Вольгі і Антона атрымала матэрыяльную дапамогу, якую збіралі пры ўдзеле Добрушскай камісіі па справах непаўналетніх, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і неабыякавых беларусаў. Мясцовае выданне ў публікацыі пра гэта адзначала, што «найбольш актыўнымі былі медыкі, работнікі сферы культуры, адукацыі». Судзячы па фота, Вользе ўручылі мікрахвалевую печ.
У той жа публікацыі гаварылася, што некаторыя з сем'яў, якія атрымалі дапамогу, трапілі ў поле зроку камісіі па справах непаўналетніх, «таму што аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі».
Трагедыя здарылася ўжо праз тры месяцы — у кастрычніку 2025 года. Паводле звестак следства, п'яны Антон забіў Вольгу, якая на той момант была цяжарная. Адзін з сыноў спрабаваў яе абараніць — і атрымаў нажовыя раненні. На шчасце, хлопчык змог уратавацца. Пасля гэтага мужчына, «пагражаючы нажом, учыніў каля трупа забітай ім жонкі дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да падчарыцы, пасля чаго згвалтаваў яе».
Антона затрымаў АМОН, пад вартай ён чакае суда па цэлым спісе артыкулаў. Мужчыну пазбавілі бацькоўскіх прав на траіх яго дзяцей. Усіх дзяцей спачатку забралі ў бальніцу, пасля накіравалі ў тэрытарыяльны сацыяльна-педагагічны цэнтр. Пазней іх уладкавалі ў прыёмную сям'ю.