Рэйтынг Пуціна зніжаецца шосты тыдзень запар
- 17.04.2026, 16:10
На тле блакаванняў інтэрнэту і павышэння падаткаў.
Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі (ВЦІОМ), які належыць дзяржаве, шосты тыдзень запар фіксуе зніжэнне рэйтынгу адабрэння дзейнасці прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна сярод грамадзян. Паводле даных апытання, апублікаваных у пятніцу, 17 красавіка, у перыяд з 6 па 12 красавіка паказчык склаў 66,7%, страціўшы 1,1 працэнтнага пункта ў параўнанні з папярэднім тыднем. Знізіўся таксама і ўзровень даверу да Пуціна — на 1,8 працэнтнага пункта, да 72%.
Рэйтынг расійскага прэзідэнта, паводле даных ВЦІОМ, самы нізкі з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну ў 2022 годзе. Ніжэй ён быў толькі па выніках апошняга перад вайной апытання.
Падае і ўзровень падтрымкі кіроўнай партыі «Адзіная Расія», пры гэтым ВЦІОМ фіксуе рост рэйтынгаў іншых партый, прадстаўленых у Дзярждуме.
Яшчэ на пачатку лютага рэйтынг адабрэння Пуціна складаў 75,1%, а рэйтынг даверу — 78,7%. У сакавіку паказчыкі ўпершыню знізіліся да ўзроўняў, ніжэй за якія яны былі толькі 20 лютага 2022 года — за чатыры дні да вайны. Тады ўзровень адабрэння складаў 64,3%, а ўзровень даверу — 67,2%.