Лукашэнка хавае небяспечную «гульню» пад Чарнобылем
5- 12.04.2026, 10:18
- 9,826
Улады «размазваюць» радыяцыю па ўсёй Беларусі.
У Беларусі стала яшчэ на 1,3 тысячы гектараў «чыстых» зямель больш. У любым выпадку, так палічылі ва ўрадзе, вырашыўшы, што зямельныя ўчасткі ў дзесяці раёнах Гомельшчыны можна, хоць і не поўнасцю, вярнуць у гаспадарчы абарот.
І, вядома, Саўмін РБ запэўніў, што будзе забяспечаны кантроль выкарыстання ўчасткаў і прадукцыі, вырабленай на іх.
Такое рашэнне беларускія ўлады прымаюць не ўпершыню. Напрыклад, у мінулым, 2025 годзе, сельгасвытворцам перадалі для выкарыстання без малага 900 гектараў зямлі ў Веткаўскім, Жлобінскім і Чачэрскім раёнах.
Але ж нам яшчэ ў школе казалі пра тое, што перыяд паўраспаду небяспечных элементаў на землях, забруджаных радыяцыяй, можа складаць сотні гадоў, а пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прайшло ўсяго 40 гадоў. Ці, можа, тэхналогіі ачысткі з таго часу значна прасунуліся наперад, і прызнанне земляў «чыстымі» — абсалютна нармальны працэс?
З гэтымі пытаннямі «Філін» звярнуўся да эксперта Альянсу «Зялёная Беларусь», біялога Інэсы Балотынай.
— Гэта практыка ў Беларусі не новая, — звяртае ўвагу эксперт. — Ёсць звесткі, што ўжо з 1993 года зямлю паступова вяртаюць у выкарыстанне, і што за гэты перыяд у гаспадарчы абарот ужо вярнулі больш за 19,6 тысячы гектараў земляў у трох абласцях.
Праўда, трэба адзначыць, што частка з іх усё ж такі вяртаецца ў абмежаванае выкарыстанне — гэта асаблівы статус. А без абмежаванняў — 8,3 тысячы гектараў.

Пры гэтым статыстыка, кажа Інэса Балотына, паказвае цікавую дынаміку. Так, у 1993 годзе ў абарот было вярнута 1,6 тысячы гектараў земляў, за 1994–1997 гады — 4,8 тысячы гектараў, у 1998 годзе — 8,2 тысячы гектараў. То бок цяпер гэты працэс нават не такі інтэнсіўны, як у 1990-х: цяпер у сярэднім вяртаюць каля 2 тысяч гектараў на год.
А ў планах улад — да 2030 года зняць статус радыяцыйна небяспечных яшчэ з 50 тысяч гектараў зямлі. Але тое, што адбываецца, не азначае, што так і павінна быць:
– Радыяцыя — доўгадзейны тып уздзеяння на ўсе жывыя арганізмы. Ёсць натуральная радыяцыя, якая была ў нашых глебах і да аварыі на ЧАЭС, а пасля аварыі гэты фон павысіўся ў дзесяткі, а месцамі ў сотні разоў.
Цяпер нават на землях, якія перадаюць у сельскагаспадарчае выкарыстанне, узровень забруджвання асноўнымі элементамі (радыеактыўныя цэзій і стронцый) застаецца прыкладна ў 10 разоў большы, чым быў да аварыі.
Але ж урад запэўнівае, што будзе забеспячаны строгі кантроль за чысцінёй прадукцыі, дык ці варта хвалявацца? Адмысловыя метады і спосабы апрацоўкі глеб, нібыта, існуюць, згаджаецца эксперт, — аднак, тым не менш, радыяцыйнае ўздзеянне, якое перавышае натуральны фон, на рэабілітаваных землях усё ж застаецца.
А гэта значыць, што застаецца хай і невялікае, але ўздзеянне яе на чалавека.
– Мы ўсе, хто жыве на гэтай тэрыторыі, атрымліваем дадатковую нагрузку ў выглядзе радыяцыі ад знешняга асяроддзя. А людзі, што жывуць у зонах з радыяцыйным забруджваннем, атрымліваюць таксама ўскосную шкоду ад прадуктаў з прыватных падворкаў, лясных ягад і грыбоў, месцамі — рыбы. Зразумела, не кожны будзе насіць на праверку свой улоў або малако са сваёй гаспадаркі.

На кагосьці гэта фактычна ніяк не паўплывае, а ў іншых людзей дадатковыя радыяцыйныя дозы могуць выклікаць абвастрэнне хранічных захворванняў (ці гэтыя хваробы прыйдуць хутчэй, чым калі б радыяцыі не было).
У Беларусі, нагадвае Інэса Балотына, ёсць дзяржаўныя праграмы па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС. У мінулым годзе фінішавала чарговая такая праграма, і ўлады сцвярджаюць, што за 30 гадоў з моманту катастрофы на барацьбу з яе наступствамі накіравалі больш за 20 мільёнаў долараў.
І ўсё было б добра — толькі вось гэтыя праграмы не выконваюцца цалкам:
– Напрыклад, ёсць недапрацоўкі з рознымі метадамі рэабілітацыі забруджаных глеб, — кажа эколаг. — Іх трэба вапнаваць, уносіць калійныя і фосфарныя ўгнаенні. Але гэта, зноў жа, выклікае экалагічныя праблемы: землі ўжо забруджваюцца ўгнаеннямі, што вядзе і да забруджвання грунтавых вод, і ў выніку да зніжэння ўрадлівасці глебы.
Акрамя таго, паводле досведу перадачы гэтых земляў, землекарыстальнікі не надта хочуць іх браць, бо гэта дадатковыя выдаткі. За 40 гадоў меліярацыйныя сістэмы, якія там былі, выйшлі са строю, землі моцна зараслі. І вяртанне іх у абарот можа быць вельмі дарагім задавальненнем, калі выдаткі перавышаюць прыбытак.
Я б сказала, што агульная палітыка дзяржавы накіраваная на ўвод у абарот большай колькасці земляў і атрыманне з іх большай прадукцыі. Хоць сельскагаспадарчых земляў у нашай краіне даволі шмат. І калі рацыянальна імі карыстацца — і эканамна, і з ужываннем сучасных метадаў, — то можна атрымліваць больш прадукцыі.
Але выбраны такі шлях — проста выкарыстоўваць больш зямлі, а не павышаць эфектыўнасць выкарыстання.
Улады ідуць шляхам павелічэння ўсяго: больш рубім, больш садзім, чым больш — тым лепш… З пункта гледжання экалогіі — заганная практыка. Гэта не пра аптымальнае прыродакарыстанне.
Усё выдатна?
У 2022–2024 гадах, кажа Інэса Балотына, Інстытут лесу праводзіў разам з Інстытутам радыябіялогіі НАН РБ абследаванне 31 тысячы гектараў зямлі на Гомельшчыне — якраз на прадмет таго, наколькі бяспечным з’яўляецца іх вяртанне ў гаспадарчы абарот, сельскую і лясную гаспадарку, а што непрыдатна да выкарыстання. Гэта дазваляе вучоным карэктаваць зоны радыяцыйнага забруджвання — як бачым, у бок іх змяншэння.
– Акрамя таго, у 2023 годзе рэарганізавалі МНС і быў скасаваны дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. А яго функцыі перададзеныя Дзяржкамнагляду, МНС, Міністэрству прыродных рэсурсаў, канцэрну «Беллегпрам», Гомельскім і Магілёўскім аблвыканкамам.
Выходзіць, быццам у нас усё выдатна і ўсе наступствы мы пераадолелі, і перыяды паўраспаду стронцыю і цэзію нібыта ўжо мінулі. Але гэта не азначае, што радыяцыя ўжо не небяспечная. Яна нікуды не падзелася і працягвае ўплываць на людзей.
– А меры, якія прапануе ўрад для рэабілітаваных земляў, — небяспечныя з пункту гледжання экалогіі. Да таго ж, паводле статыстыкі, сродкі, выдзеленыя на рэабілітацыю, у рэгіёнах часта не асвойваюцца; не набываюцца індывідуальныя сродкі абароны, не ўносяцца мінеральныя ўгнаенні так, як прадугледжана.
Некаторы час у МНС вяліся размовы пра тое, што, можа, мае сэнс усё ж такі аддаць гэтыя землі пад запаведнікі, пакінуць іх прыродзе, каб там аднаўлялася біяразнастайнасць, замест таго каб вазыцца з іх рэабілітацыяй. Бо яны ўсё адно не сталі на 100% чыстымі, і для гэтага могуць спатрэбіцца яшчэ дзясяткі гадоў.
А ў 2017 годзе, памятаецца, была дыскусія пра тое, ці небяспечны амерыцый, які ўтвараецца пасля распаду трансурановых элементаў (плутоній, выкінуты ў навакольнае асяроддзе, распадаецца і за гэтыя гады ператвараецца ў амерыцый-141). Хтосьці з вучоных пісаў, што гэты элемент стаў актыўным у глебе і гэта вельмі небяспечна, бо ад яго ідзе дадатковае бэта-выпрамяненне. Іншыя сцвярджалі, што гэта ўсё перабольшанні, насамрэч ён інэртны і небяспекі няма.
Праблема ў любым выпадку ёсць. І хоць улады запэўніваюць, што ўсё пад кантролем, усё выдатна і робіцца ў інтарэсах людзей, — па факце мы не маем дадатковых даных і не можам ацаніць сапраўдныя маштабы небяспекі для беларусаў.
Афіцыйна прызнана толькі адна хвароба ад Чарнобыля — гэта рак шчытападобнай залозы ў выніку траплення радыеактыўнага ёду ў першы час пасля аварыі. Што да іншых хранічных захворванняў, якія могуць праяўляцца ў людзей з-за таго, што яны дзесяцігоддзямі жывуць у зонах з падвышанай радыяцыяй, — пра гэта не згадваюць і мала пішуць.
Асабіста я не прыхільніца вяртання гэтых земляў у гаспадарчы абарот. У некаторых выпадках не варта, скажам так, размазваць гэтую радыяцыю. А сродкі варта было б накіраваць на больш эфектыўнае сельскагаспадарчае выкарыстанне іншых, больш чыстых тэрыторый.