Перад Вялікаднем мінчукі паспрачаліся пра шакаладныя яйкі за 105 рублёў
2- 12.04.2026, 8:43
- 1,418
Адны лічаць цану абгрунтаванай, іншыя параўноўваюць з супермаркетамі.
Перад Вялікаднем у Мінску абмяркоўваюць цэны на святочныя ласункі: асаблівую ўвагу прыцягнулі шакаладныя яйкі ў сетцы кандытарскіх Pate коштам да 105 рублёў. Адны лічаць цану абгрунтаванай, іншыя параўноўваюць з супермаркетамі, піша «Зеркало».
Нагодай стаў пост адной з карыстальніц у Threads, якая апублікавала фота прадукцыі з подпісам: «Як вам цэны?». Ішлося пра вялікія шакаладныя яйкі за 105 рублёў і маленькія — прыкладна па 20 рублёў. Таксама ёсць кулічы з рознымі смакамі — ад 40 да 75 рублёў.
Сама сетка апісвае сваё тварэнне не проста як дэсерт, а як «эмацыю»: «Нашы вялікія шакаладныя яйкі — гэта момант «вау», калі адкрываеш… А ўнутры — пяшчота маршмэлоў і пернікавы сюрпрыз у форме гусака», — гаворыцца ў сацсетках. Таксама пакупнікам прапануюць розныя варыянты афармлення — ад «пра цяпло і пяшчоту» да «пра эстэтыку і вау-эфект».
У каментарыях меркаванні падзяліліся. Частка карыстальнікаў палічыла цану завышанай і зазначыла, што падобныя тавары можна знайсці танней у супермаркетах. Іншыя сталі на абарону кандытарскай, адзначаючы розніцу фармату.
«Вы параўноўваеце супермаркет з пякарняй. Аддзяляйце мух ад катлет», — напісала адна з удзельніц абмеркавання.
«Шакаладнае яйка нармальна па цане з-за кошту шакаладу, а куліч таксама па цане нармальны, бо там 600−560 г, ну і, уласна, прадукты таксама не з танных. Той жа шакалад, масла, якое ў цане ўзляцела, потым плюсуем электрычнасць, зарплату супрацоўнікам і арэнду цэха», — патлумачыў адзін з каментатараў.