Перамовы ЗША і Ірана пачаліся ў сталіцы Пакістана
1- 11.04.2026, 17:34
Дэлегацыі абедзвюх краін ужо сустрэліся з прэм'ер-міністрам Пакістана.
У сталіцы Пакістана Ісламабадзе ў суботу, 11 красавіка, пачаліся перамовы паміж ЗША і Іранам, запланаваныя пасля дасягнутага ў ноч на 8 красавіка перамір'я. Пра гэта паведамляюць карэспандэнтка амерыканскай медыякампаніі NewsNation у Белым доме Кэлі Майер, якая спасылаецца на словы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, а таксама іранскае дзяржаўнае агенцтва Fars.
- Прэзідэнт Трамп паведаміў мне, што перамовы з Іранам пачаліся. Калі яны пройдуць няўдала, прэзідэнт Трамп сказаў: «Мы правядзём перазапуск. Мы гатовыя да перамоў», - напісала Майер на сваёй старонцы ў сацсетцы X. З амерыканскага боку пачатак перамоваў са спасылкай на двух чыноўнікаў таксама пацвердзіла рэпарцёрка тэлеканала CBS News Джэніфер Джэйкабс. Пра пачатак зносін паміж бакамі напісаў і рэпарцёр партала Axios Барак Равід.
Агенцтва Fars у сваім тэлеграм-канале таксама паведаміла пра пачатак перамоваў. Адзначаецца, што «праз пакістанскага пасярэдніка, а таксама ў перамоўнай зале» іранская дэлегацыя «актыўна прасоўвае пытанне» аб поўным спыненні агню з боку Ізраіля на поўдні Лівана.