У Венгрыі наспявае змена ўлады
- Жужанна Фазекаш
- 11.04.2026, 13:29
- 4,042
У Орбана з'явіўся сур'ёзны супернік.
Віктар Орбан можа пацярпець паразу на выбарах: сацыялагічныя апытанні паказваюць, што яго партыя «Фідэс» можа атрымаць усяго траціну галасоў. Але даводзіцца ўлічваць асаблівасці Орбана.
Велікодныя выхадныя, шаша недалёка ад Будапешта. На заднім шкле аўтамабіля, што праязджаў міма, — ліст паперы фармату A4 з надпісам: «Яшчэ восем дзён!» На плотах у вёсках і на шматпавярхоўках у Будапешце вісяць банеры апазіцыйнай партыі «Ціса» з тэкстам: «Зараз або ніколі!», і слова «ніколі» закрэслена. У Венгрыі напэўна наспявае змена рэжыму, і, бадай, не будзе перабольшаннем сказаць, што нядзельныя выбары стануць вызначальнай падзеяй для краіны.
Шанцы прайграць
Упершыню за 16 гадоў у Віктара Орбана з'явіўся сур'ёзны супернік — Петэр Мадзяр і яго «Ціса». У яго насамрэч ёсць шанец змяніць Орбана, які крытыкуе ЕС усюды, дзе толькі можа, і, відаць, спадзяецца на яго распад. Орбан перайшоў ад сваіх былых паўлінскіх танцаў у знешняй палітыцы да адкрытага прадстаўлення расійскіх інтарэсаў — часам прамога, часам завуаліраванага. Адначасова ён імкнецца стварыць міжнародную сетку крайніх правых, а ва ўнутранай палітыцы трымае напагатове законапраект, які дазваляе дзеянні супраць «фінансаваных з-за мяжы» прэсы і арганізацый грамадзянскай супольнасці.
У мінулыя часы Орбану ўдавалася дыскрэдытаваць супернікаў — кааліцыі, якія спачатку былі пераважна леваліберальнымі, але да 2022 года ўжо аб'ядноўвалі амаль усе апазіцыйныя партыі. Яго зброяй у перадвыбарных кампаніях была, з аднаго боку, велізная прапагандысцкая машына, што пераважна фінансуецца дзяржавай, а з другога — цудадзейны вобраз ворага, які ён штораз ствараў нанова, каб згуртаваць вакол сябе масы.
Але прапаганда не дае эфекту ў змаганні з Петэрам Мадзярам, які пакінуў «Фідэс» усяго два гады таму. Мадзяр умела пазбягае пастак, расстаўленых для яго ўрадам Орбана, не ўвязваючыся, напрыклад, у ідэалагічныя дэбаты наконт урадавой забароны правядзення прайду. Яго галоўны пасыл просты: ён і яго партыя «Ціса» — «не правыя, не левыя, а проста венгры».
Насамрэч Петэр Мадзяр прытрымліваецца правых поглядаў, а па ключавых знешнепалітычных пытаннях асцярожны, а часам нават падтрымлівае ўрад. Яго пазіцыя нагадвае пазіцыі орбанаўскай партыі «Фідэс» пачатку 2000-х гадоў, калі яна яшчэ трымала курс на «грамадзянскую Венгрыю» — прынамсі на словах.
Ёсць, вядома, асцярогі, што партыя «Ціса» будзе «палегчанай версіяй «Фідэс»», але сам Мадзяр абяцае дэмантаваць сістэму Орбана і аднавіць дэмакратыю. Ён дакладна адрозніваецца ад Орбана ў стаўленні да еўрапейскага і атлантычнага супрацоўніцтва, а кандыдатка ад «Цісы» на пасаду міністра замежных спраў — Аніта Орбан (аднафаміліца прэм'ера) — у сваёй доктарскай дысертацыі папярэджвала пра расійскую пагрозу.
У адрозненне ад мінулых кампаній, большая частка апазіцыі кансалідавалася вакол «Цісы» — большасць партый адмовіліся балатавацца на яе карысць. З тых, што засталіся ў спісе, леваліберальная «Дэмакратычная кааліцыя» і жартоўная Партыя двухвостай сабакі (праславілася лозунгам «100% нашых выбаршчыкаў галасуюць за нас») атрымаюць нязначную падтрымку, а яшчэ адна палітычная сіла — крайне правая «Наша радзіма» — адцягвае галасы ў «Фідэс», і кіроўная партыя спрабуе іх пераканаць.
Як толькі стала зразумела, што «Ціса» можа змяніць «Фідэс» у якасці кіроўнай партыі, узнік эфект прарванай дамбы. Спачатку высокапастаўлены паліцэйскі распавёў, як спецслужбы ўмяшаліся ў яго расследаванне, каб знайсці кампрамат на «Цісу». Услед капітан арміі падзяліўся гісторыяй амаль што адбылайся адпраўкі венгерскіх вайскоўцаў у Чад. Гэтая ідэя прыйшла ў галаву сыну прэм'ера — Гашпару Орбану. Капітан пераказваў словы малодшага Орбана: той чакаў пяцідзесяціпрацэнтнай страты баяздольнасці падчас місіі. «Гэта азначае, што 50% венгерскіх салдат загінуць у місіі, якую ён узначаліць, — абураўся капітан. — Гашпар казаў, што Бог гаварыў з ім з нябёсаў, каб ён прыйшоў і выратаваў афрыканскіх хрысціян».
Міжнародны скандал выбухнуў праз уцечку тэлефонных размоў міністра замежных спраў Венгрыі Петэра Сіярта з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым: яны ў сяброўскім тоне абмяркоўвалі, як Венгрыі варта дапамагчы выключыць расійскіх алігархаў з санкцыйнага спісу ЕС і як расіяне маглі б дапамагчы «правільнаму боку» на славацкіх выбарах.
«Фідэс» відавочна адчувае сябе ў небяспецы, і Орбан гатовы на ўсё дзеля захавання ўлады. Высветлілася, што кіраўнік апарату орбанаўскага ўрада Антал Роган не толькі цалкам кантраляваў дзяржаўную прапаганду, але і стаў каардынатарам спецслужбаў — і выкарыстоўваў іх супраць ІТ-спецыялістаў партыі «Ціса». «Фідэс» гістарычна меў цесныя сувязі з футбольнымі ультрас; гэтым разам на маніфестацыях супраць «Фідэс» былі заўважаныя людзі ў чорным, якія адбіралі плакаты ў дэманстрантаў і распіхвалі іх.
Шанцы супраціўляцца
Варта расказаць і пра здарэнне, якое, відаць, можна назваць «аперацыяй пад чужым сцягам». Добра інфармаваныя крыніцы неаднаразова папярэджвалі, што падчас перадвыбарнай кампаніі варта чакаць правакацыі, і вось яна: у велікодную нядзелю паблізу трубаправода «Турэцкі паток» на тэрыторыі Сербіі былі выяўленыя наплечнікі з выбухоўкай. Была боязь, што Орбан скарыстаецца гэтай знаходкай як падставай для пераносу выбараў, але ён не наважыўся. На што ён наважыўся — дык гэта намякнуць, што ў гісторыі з выбухоўкай ёсць украінскі след, хоць сербскія спецслужбы нічога падобнага не западозрылі.
Галоўны пасыл Орбана ў кампаніі — крайняе ачарненне ўкраінцаў. Калі верыць надпісам на рэкламных шчытах і выступам функцыянераў партыі «Фідэс», можна падумаць, нібыта Украіна вось-вось нападзе на Венгрыю. Орбан нават спрабаваў прадставіць справу ІТ-спецыялістаў партыі «Ціса» як спробу ўкраінцаў умяшацца ў выбары. Падчас аднаго з перадвыбарных мітынгаў прэм'ер-міністр крычаў на пратэстоўцаў у манеры паўп'янага футбольнага хулігана: «Вы штурхаеце ўкраінскую тачку, а не стаіце на баку венграў. Вы хочаце праўкраінскі ўрад і хочаце забраць грошы венграў ва Украіну!»
Незалежныя сацыялагічныя апытанні прадказваюць рашучую перамогу «Цісы» — аж да двух трацін месцаў у парламенце, але могуць быць і нечаканасці. З аднаго боку, праз большы вагу аднамандатнікаў у выбарчай сістэме, перапрацаванай партыяй «Фідэс» пад сябе, і нядаўнюю перамалёўку выбарчых акругаў застаецца зусім незразумела, ці атрымае «Ціса» большасць, нават калі выйграе галасаванне.
З другога боку, «Фідэс» славіцца выбітнымі здольнасцямі мабілізаваць прыхільнікаў, у тым ліку і не надта легальнымі метадамі: за дзве тыдні да галасавання выйшаў дакументальны фільм, у якім распавядаецца, наколькі тыповым у сельскай мясцовасці, асабліва ў бедных рэгіёнах, з'яўляецца не толькі прамы падкуп выбаршчыкаў грашыма, раздачай алкаголю і нават наркотыкаў, але і спецыфічныя пагрозы на адрас тых, хто не хоча галасаваць за «Фідэс», дзеля чаго на мясцовым узроўні ствараюцца цэлыя сеткі. Шмат хто з традыцыйных выбаршчыкаў Орбана, безумоўна, у паніцы, што павялічыць мабілізацыю.
Але нават калі выбары прынясуць перамогу «Цісе», цяжка прагназаваць паводзіны Орбана і яго партыі. Верныя паслядоўнікі Трампа, яны могуць прыдумаць нешта нечаканае, скандальнае, каб утрымаць уладу.
Калі «Фідэс» гэта ўдасца або калі Орбан раптам выйграе галасаванне, то добра зразумела, які шлях чакае Венгрыю: яго ясна акрэслілі скандалы перадвыбарнай кампаніі. Орбан зноў будзе выкарыстоўваць спецслужбы ў партыйна-палітычных мэтах, задзейнічаць бандытаў, пагражаць грамадзянскай супольнасці, максімальна перашкаджаць партнёрскім адносінам Украіны і Еўрасаюза і без зазрэння сумлення служыць расійскім інтарэсам.
Жужанна Фазекаш, The Moscow Times