Дзе Нацбанк Беларусі страціў мільярд долараў
14- 11.04.2026, 14:40
- 15,286
Рэзервы таюць.
У сакавіку рэзервы беларускага Нацбанка перапынілі серыю рэкордаў. Прычым з гучным трэскам. Калі на 1 сакавіка яны складалі 16,4 мільярда долараў, то на 1 красавіка знізіліся да 15,2 мільярда. Аднак Нацбанк не падае духам і задумваецца, дзе прыстроіць усё астатняе. Напрыклад, у далёкай краіне Аман.
Пра тое, чаму стратэгія сядзець на золаце роўна не спрацавала — у новым выпуску праграмы «Аптымум» на YouTube-канале «Белорусы и рынок».
Рэзервы таюць
«Скарачэнне аб'ёму золатавалютных рэзерваў звязана са зніжэннем цэн на золата на міжнародных фінансавых рынках», — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.
То бок рэзервы засталіся, як былі, але патаннелі. Дакладна так, як шмат месяцаў запар яны даражэлі дзякуючы таму, што даражэла золата. Пры гэтым у фізічных аб'ёмах колькасць золата не змянялася. Як было ў Нацбанку яшчэ дзесяць гадоў таму 54 тоны золата, так 54 тоны золата і засталіся. І гэта было вельмі зручна. Прынамсі, пакуль золата даражэла. Можна было сядзець на золаце роўна, багацець і распавядаць усім, які ты малайчына.
«Абраная палітыка па кіраванні золатавалютнымі рэзервамі прынесла нам вельмі нядрэнны даход», — казаў кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка у маі мінулага года.
Хаця насамрэч уся палітыка складалася ў тым, каб нічога не рабіць. Усе гэтыя рэкорды — вынік знешніх, ніяк не залежных ад Нацбанка абставін. І Нацбанк быў упэўнены, што так будзе вечна.
«Бягучыя прагнозы не прадугледжваюць зніжэння цэн на золата, то бок істотнага скарачэння ЗВР не чакаецца», — казаў кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка ў інтэрв'ю часопісу «Банкаўскі веснік» 25 сакавіка гэтага года.
А праз тыдзень пасля таго, як кіраўнік Нацбанка паразважаў, што золата таннець не будзе, Нацбанк абвясціў, што страціў мільярд долараў праз тое, што золата патаннела.
Рызыкоўная справа
Насамрэч нават пасля абвалу ў сакавіку рэзерваў Нацбанка іх хопіць, каб плаціць за імпарт на працягу больш за тры месяцы. То бок паводле ўсіх крытэрыяў стабільнасці беларускага валютнага рынку нічога не пагражае. У Нацбанка больш чым дастаткова рэзерваў, каб не дапусціць рэзкага абвалу рубля.
Але ёсць адна рызыка, якая можа знішчыць усю гэтую стабільнасць. І вельмі хутка. Бо галоўная рызыка для валютнай, фінансавай і ўсёй астатняй стабільнасці Беларусі — гэта не сусветная кан'юнктура, не ваганні цэн і нават не ірана-амерыканская вайна.
Галоўная рызыка — гэта асаблівасці эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў. З восені мінулага года Аляксандр Лукашэнка дамагаўся, каб Нацбанк пачаў траціць рэзервы на што-небудзь. Ну і Нацбанк урэшце не змог устаяць.
У тым жа інтэрв'ю, у якім ён распавядаў, што золата не будзе таннець, Раман Галоўчанка пахваліўся, што Нацбанк за кошт сваіх рэзерваў ужо пачаў фінансаваць некаторыя інвестыцыйныя праекты і будзе фінансаваць яшчэ больш.
«Безумоўна, такое фінансаванне носіць выключны, кропкавы характар», — сказаў Галоўчанка.
Кропка інвеставання
Пра якія праекты ідзе гаворка, Галоўчанка не сказаў. Але ёсць пэўныя намёкі. 9 красавіка Раман Галоўчанка сустракаўся з галоўным інвестдырэктарам Аманскага інвестыцыйнага агенцтва Ібрагімам Аль-Эйсры.
«Мы абмяркоўваем пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння і канкрэтныя ініцыятывы», — сказаў ён.
Якія канкрэтна ініцыятывы, ён зноў жа канкрэтна не сказаў. Але ў снежні мінулага года падчас візіту ў Аман і Алжыр Аляксандр Лукашэнка прапанаваў гэтым краінам «зрабіць на траіх». Пабудаваць у Амане сумеснае прадпрыемства па вытворчасці складаных угнаенняў. Бо ў Амане ёсць фосфаты, у Алжыры — газ. А ў Беларусі ўсяго гэтага няма. Затое ў беларускага Нацбанка раптам утварыліся рэкордныя золатавалютныя рэзервы.
«Грошы сёння, а заўтра тым больш, нічога не значаць. Вы бачыце, што адбываецца. Жудасная інфляцыя па асноўных рэзервовых валютах у свеце. Таму жыццё падштурхоўвае нас да таго, каб інвеставаць, укладваць гэтыя грошы ў канкрэтныя праекты», — казаў Лукашэнка падчас свайго візіту ў Аман.
Так што беларускія ўлады не проста хочуць укласці нашыя грошы ў будаўніцтва завода ў далёкай краіне Аман. Беларускія ўлады хочуць патраціць на завод у далёкай краіне Аман нашыя золатавалютныя рэзервы. Рэзервы, сэнс якіх у тым, што іх у прынцыпе нельга траціць. Калі, вядома, вас хвалюе валютная і фінансавая стабільнасць.